У Беларусі працягваюцца работы па дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай мяжы

5 декабря 2015

Днямі на тэрыторыі Брэсцкага рэгіёна ўсталяваны соты пагранічны знак. Каб пазнаёміцца з ходам дэмаркацыйных работ, туды, дзе нячаста ступае нага чалавека, адправілася наш карэспандэнт Ірына Нікіціна.

Ад трасы лінія дзяржаўнай мяжы ідзе глыбока ў лес. З цяжкапраходнымі дарогамі ледзь спраўляецца пагранічны УАЗ. Тут тэрыторыя Беларусі заканчваецца.

На паўднёвым захадзе Беларусі гэты ўчастак мяжы ўнікальны. Тут сутыкаюцца тры краіны: з правага боку - Украіна, ззаду - праз Заходні Буг - Польшча. Мы, адпаведна, знаходзімся на тэрыторыі Беларусі.

І калі мяжа паміж Беларуссю і Польшчай выверана да сантыметра, то з Украінай да нядаўняга часу вызначалася прыблізна. Першыя работы па дэмаркацыі пачаліся тры месяцы таму. За гэты час спецыяльная група, у якую ўвайшлі картографы, геадэзісты і пагранічнікі, прайшла больш за 80 кіламетраў. Мясцовасць уздоўж кантрольнай паласы ачышчана ад расліннасці, узбярэжжа канала Масціцкага выкладзена бетонным бардзюрам. На мяжу, якая раней існавала толькі на карце, вынесеныя апазнавальныя элементы.

Аляксандр Архіпаў, начальнік упраўлення Дзяржаўнага пагранкамітэта Беларусі: "Стаяць пагранічныя знакі будуць на ўсім яе працягу. Будзе выразная бачнасць. І любы чалавек, які падыходзіць да мяжы альбо збірае грыбы, альбо вядзе іншую дзейнасць, будзе бачыць ясна, дзе яна праходзіць, і ўжо парушэнне мяжы па няведанні не можа адбыцца".

Упершыню пагранічныя слупы зрабілі двухбаковымі - яны афарбаваныя ў колеры сімволікі краіны, якая за ім пачынаецца. Каардынаты кожнай перанясуць на спецыяльную карту. Да канца года пазначаць тэрыторыю Брэсцкага і Маларыцкага раёнаў. Тут усталююць амаль 400 знакаў.

У 2016 годзе работы па дэмаркацыі фінішуюць у сумежных з Украінай Іванаўскім, Кобрынскім і Драгічынскім раёнах. Для таго каб поўнасцю завяршыць дэмаркацыю на беларуска-ўкраінскай мяжы, а яе даўжыня складае 1080 кіламетраў, спецыялістам спатрэбіцца не менш як сем гадоў.