У Беларусі працягваюць адкрывацца сацыяльна-значныя аб'екты да 7 Лістапада

5 ноября 2019
Такія падарункі робяць жыццё больш камфортным, у тым ліку - у абласных і раённых цэнтрах. У новым мікрараёне Гродна Альшанка сёння з'явілася дзіцячая амбулаторыя. У Новалукомлі адрамантавалі паліклініку. Якія яшчэ важныя і патрэбныя аб'екты ўжо паднеслі беларусам да свята, раскажа Марына Раманоўская. 

Мама дзвюх дачок Ганна Сляпухіна  не ўтойвае радасці:   доўгія паездкі на працэдуры  ў цэнтр горада -  у мінулым. У новым мікрараёне Альшанка адкрылася дзіцячая амбулаторыя. Такога падарунка сем'і чакалі некалькі гадоў. Разлічаная на 70 наведванняў за змену. Ёсць фізіятэрапеўтычны, працэдурны і кабінет прышчэпак, а таксама пакой здаровага дзіцяці. Маштабны рамонт завяршылі і ў Новалукомльскай паліклініцы. Сёння ЦРБ - гэта сучасны медыцынскі цэнтр з шырокім спектрам магчымасцяў і паслуг. Тут можна прафесійна расці, - гаворыць інтэрн Яўген Дзёмкін. Выпускнік Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта родам з Чашнікаў. Будучы ўрач агульнай практыкі працуе ўсяго за некалькі кіламетраў ад малой радзімы. 

Адразу некалькі адкрыццяў сёння і ў Оршы. Звыш пяцідзесяці тысяч балонаў за год. Гэта прамысловы патэнцыял новага завода ў райцэнтры. Вырабы выкарыстоўваюцца ў самых розных галінах. Каля 97% прадукцыі пойдзе на экспарт. Таксама новы завод  акажа паслугі па арэндзе балонаў, іх дыягностыцы і рамонце. Для прадпрыемства задзейнічалі нявыкарыстаныя плошчы  завода "Лёгмаш". А гэта больш як 3 тысячы квадратных метраў. Рабочыя месцы атрымалі чатыры дзясяткі чалавек. Дарэчы, улічваючы спецыфіку новай для Беларусі вытворчасці, для супрацоўнікаў арганізавалі стажыроўку на аналагічным прадпрыемстве ў Чэхіі. 

На падрыхтоўку рабочых кадраў для прамысловага комплексу краіны накіраваная і праца новага рэсурсавага цэнтра. Пляцоўкай для адукацыйнага праекта стаў Аршанскі механіка-эканамічны каледж. Падобных цэнтраў у краіне больш як 40. Адточваць майстэрства на сучасным абсталяванні будуць навучэнцы з розных рэгіёнаў. Таксама новы рэсурсавы цэнтр стане пляцоўкай для перанавучання працаўнікоў мадэрнізаваных прадпрыемстваў сферы машынабудавання.