У Беларусі падоўжаны тэрмін бязвізавага знаходжання замежных турыстаў

24 июля 2018

У Беларусі падоўжылі тэрміны бязвізавага рэжыму! Зараз замежнікі могуць знаходзіцца ў нашай краіне без спецыяльнай адзнакі ў пашпарце да 30 сутак. Указ падпісаў Прэзідэнт. Галоўная ўмова знаходжання замежных гасцей засталася ранейшай: заязджаць на тэрыторыю Беларусі яны павінны толькі праз паветраную гавань - Нацыянальны аэрапорт Мінск. Такім жа чынам турысты абавязаныя пакінуць краіну. Як і раней, новыя правілы не крануць тых, хто прыбывае ў Мінск з Расіі, а таксама вылятае з беларускай сталіцы ў расійскія аэрапорты. Чакаецца, што візавае спрашчэнне ажывіць цікавасць да нашай краіны замежных падарожнікаў, а таксама палепшыць бізнес-клімат. Шматлікія госці таксама змогуць без праблем стаць гледачамі дзіцячага "Еўрабачання" сёлета і Еўрапейскіх гульняў у наступным годзе.

Нагадаем, Беларусь дала старт рэжыму без віз у лютым 2017. Увесь гэты час замежнікі маглі знаходзіцца ў нашай краіне без візы 5 сутак. Крыху пазней - з пачатку гэтага года - гэтыя тэрміны падоўжылі да 10 дзён, але толькі для асобных раёнаў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. У Мінспорту неаднаразова заяўлялі, што гатовыя прапанаваць замежнікам дадатковыя візавыя паслабленні.