У Беларусі адзначылі 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы

7 июля 2022

Без перабольшання ўся краіна сёння святкуе юбілей песняра. 140 гадоў з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі - Янкі Купалы. Дата асабліва знакавая ў Год гістарычнай памяці. Бо творы гэтага аўтара хрэстаматыйныя і не менш папулярныя нават у нашы дні. Адзін з нямногіх, каго  называюць класікам беларускай літаратуры, чые сачыненні сапраўды нацыянальны набытак. Дарэчы, даволі рэдкая з'ява ў сусветнай літаратурнай практыцы, калі ў адной нацыі адначасова стваралі і нават сябравалі два геніі - Купала і Колас (юбілей другога будзем святкаваць ужо гэтай восенню). А пакуль пра ўрачыстасці ў гонар легендарнага Купалы - Вольга Мядзведзь

У яго творах энцыклапедыя беларускага народа, наш зямляк у яго словах сапраўдны - просты, шчыры, працавіты. Дзякуючы Янку Купалу мы ведаем не толькі нашую прыгожую мастацкую мову, знаёмы і з замежнай літаратурай на беларускай. Першы народны паэт, яшчэ і драматург, публіцыст, перакладчык, нават акадэмік.

Аўтар - сімвал нашай айчыннай літаратуры. Яго сачыненні ведае кожны беларус. Нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч (гэта сапраўднае імя пісьменніка) у фальварку Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці ў сям'і збяднелых беларускіх шляхцічаў. Працаваў дамашнім настаўнікам, пісарам у памешчыцкім маёнтку, прыказчыкам і нават чорнарабочым на мясцовым вінакурным заводзе, але знаходзіў час і на кнігі. Свой жа першы верш "Мая доля" апублікаваў у 1904 годзе. З гэтага і пачаўся яго актыўны творчы шлях: "Мужык", "Адвечная песня", "Курган", "Бандароўна". А 110 гадоў таму з'явілася на свет легендарная "Паўлінка". Дарэчы, зараз хата ў Вязынцы - адзін з чатырох філіялаў музея Янкі Купалы. Астатнія - Яхімаўшчына, Ляўкі, Акопы. 

Алена Гурэцкая, загадчыца філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы "Акопы": На працягу 16 гадоў ён прыязджаў сюды да маці Бянігны Іванаўны Луцэвіч і да сясцёр, якія тут жылі з 1909 па 1926 год. І ваколіцы сядзібы былі для Янкі Купалы месцам літаратурных сустрэч, дыскусій, спасціжэння народных традыцый. Больш за 80 твораў з'явілася мінавіта тут і 4 п'есы, напісаныя ў "Акопах" - гэта "Паўлінка", "Прымакі", "Раскіданае гняздо", "Тутэйшыя". 

Жыў у Вільні, прайшоў Першую сусветную вайну, пераехаў у сталіцу, дзе жыў да пачатку Вялікай Айчыннай. У эвакуацыю з'ехаў у Маскву, дзе і трагічна загінуў. Але ён жывы праз свае творы. Напрыклад, адзін пясняр натхняў другога генія - Уладзіміра Мулявіна. У рэпертуары ансамбля і сёння купалаўскія песні. 

Гістарычную памяць пра Купалу ў нас актыўна захоўваюць. Амаль у кожным буйным горадзе Беларусі ёсць вуліца яго імя, у кожным тэатры ёсць пастаноўкі паводле яго п'ес. Зразумела, кожны школьнік вывучае яго радкі на памяць. 

Узгадаць паэта-легенду ў парку імя Янкі Купалы сёння сабраліся прадстаўнікі дзяржаўнай улады, кіраўнікі розных ведамстваў, калегі-пісьменнікі і, зразумела, моладзь. Усе прысутныя ў знак памяці і павагі ўсклалі кветкі да помніка, а намеснік старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта агучыў прывітальны адрас ад Аляксандра Лукашэнкі.

Зразумела, у дзень памяці Янкі Купалы гучаць яго вершы. Гэта і класічнае выкананне ад акцёраў, і радкі-прысвячэнні народнаму паэту ад пісьменнікаў-сучаснікаў. Пачулі мы яго творы і ў песнях. Не сакрэт, што сачыненні Купалы былі вялікай часткай творчасці Уладзіміра Мулявіна і "Песняроў". Яго традыцыі працягвае і сучасны склад ансамбля.

На гэтым святкаванне юбілейнай даты не заканчваецца. 9-га ліпеня, ужо ў гэту суботу, у Вязынцы (малой радзіме драматурга, вытоку  купалавай паэзіі)  50-ы раз адбудзецца рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў "З адною думкаю аб шчасці Беларусі…". Тут і вершы ад беларускіх паэтаў, членаў Саюза пісьменнікаў, і музычныя творы, кірмашы, шматлікія фотапляцоўкі.