У Беларусі адзначаюць Дзень работнікаў культуры

8 октября 2023

Словы падзякі і пажаданні сёння гучаць у адрас работнікаў культуры. Акцёры і рэжысёры, вакалісты і музыканты, мастакі і літаратары адзначаюць прафесійнае свята. Віншаванні прадстаўнікам галіны накіраваў Прэзідэнт Беларусі.

Культурная спадчына нашай краіны - гэта шматлікія гісторыка-культурныя помнікі, паркавыя комплексы, музейныя калекцыі, а таксама звычаі і традыцыі. У рэспубліцы больш за 44 тысячы тых, хто выхоўвае любоў да прыгожага, нясе мастацтва ў масы і перадае культурны вопыт наступным пакаленням. Штогод работнікі культуры праводзяць звыш 500 тысяч мерапрыемстваў, ствараюць унікальныя творы мастацтва, рэалізуюць яркія маштабныя праекты, у якіх знаходзяць адлюстраванне гістарычныя і сучасныя этапы развіцця краіны. Беларускую культуру ведаюць і паважаюць. На нашай зямлі праходзяць маштабныя фестывалі, а цікавасць да Беларусі, да яе культуры і гісторыі толькі ўзрастае.