Вязняў фашысцкіх канцлагераў сёння ўспамінаюць па ўсім свеце

11 апреля 2014
11 красавіка - дата не выпадковая. 69 гадоў таму першымі на волю выйшлі зняволеныя Бухенвальда. Лічбы страшныя. Праз фабрыкі смерці прайшло каля 20 мільёнаў чалавек з 30 краін свету, кожны чацвёрты - грамадзянін былога Савецкага Саюза. Больш за палову вязняў не дажылі да вызвалення. Гісторыю тых страшных дзён узнаўляюць тыя, хто насуперак жорсткасці і насіллю выжыў....

Аляксандра Драгун прадоўжыць тэму.

Вайну Анатоль Атруба сустрэў 12-гадовым хлопчыкам. Разам з сябрам ён стварыў свой штаб, на першым заданні спрабавалі прабрацца на рамонтную базу немцаў.

Адважных хлопчыкаў адправілі ў Сырэцкі канцлагер. Яны былі адзінымі дзецьмі сярод дарослых.

Трасцянец - чацвёрты па велічыні лагер смерці. Менавіта сюды восенню 1941 года фашысты прывозілі на грузавіках людзей. Іх расстрэльвалі ў равах-магілах, засыпалі зверху зямлёй і ўтрамбоўвалі гусенічным трактарам.

У сталіцы і Мінскім раёне ўсяго было 9 лагераў смерці. Але Трасцянец лічыцца самым жорсткім. Злачынствы супраць чалавечнасці ўчыняліся паўсюдна без скідак на ўзрост. У памяць аб сотнях вязняў тут узвышаецца абеліск і не згасае агонь. А моладзь разам з ветэранамі прыходзяць сюды з паклонам і кветкамі.

Хвілінай маўчання сёння ўшанавалі памяць ахвяраў фашысцкіх канцлагераў на плошчы Перамогі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і былыя вязні.

Жалобныя мітынгі і шэсці сёння аб'ядналі пакаленні. На месца былога канцлагера ў Віцебску неслі кветкі вязні, ветэраны і школьнікі.

У многіх з гэтых людзей за плячамі не адзін канцлагер. На працягу дваццаці гадоў беларусы, якія прайшлі праз жахі нацысцкіх лагераў смерці, сустракаюцца ў Мінску на вечары памяці.
Зараз былыя вязні - людзі шаноўнага ўзросту. Але гаркота ўспамінаў, быццам усё гэта было яшчэ ўчора, па-ранейшаму выклікае слёзы.