Узровень медыцыны ў малых гарадах падцягваюць да сталічных стандартаў

20 октября 2017

Больш за тысячу медработнікаў пачалі працаваць у бальніцах, паліклініках і амбулаторыях Мінскай вобласці. Гэта не толькі ўрачы, але і сярэдні медперсанал – медсёстры і фельчары. Большасць маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй – гэта ўрачы агульнай практыкі, а таксама вузкія спецыялісты. Такім чынам вырашаецца праблема з даступнасцю якаснай дапамогі: сёння для жыхароў многіх раёнаў няма неабходнасці ездзіць, напрыклад, у Мінск. Як узровень медыцыны ў малых гарадах падцягваюць да сталічных стандартаў, ведае Антаніна Станкевіч.

Малады афтальмолаг Кацярына Вяргейчык ведае: найбліжэйшыя пяць гадоў урачэбнай практыкай забяспечана. А гэта значыць будзе і неабходны вопыт, і цікавыя з пункту гледжання дыягностыкі выпадкі, і, канечне, удзячныя пацыенты. Інтэрнатуру прайшла ў абласной бальніцы. Добрая школа была, прызнаецца ўрач. Так што з такім багажом пачынаць самастойную практыку не так ужо і страшна, хаця спецыфіка работы ў маленькім горадзе зусім іншая.

Сёлета больш за тысячу маладых спецыялістаў пачалі працаваць у бальніцах, паліклініках і амбулаторыях цэнтральнага рэгіёна. Большасць урачоў – спецыялісты агульнай практыкі. Яны не толькі выконваюць функцыі тэрапеўтаў, але аказваюць першасную хірургічную, педыятрычную і афтальмалагічную дапамогу. Такім чынам, нагрузка на вузкіх спецыялістаў зніжаецца, а ў пацыентаў адпадае неабходнасць ехаць у Мінск, напрыклад.

Да канца года многія раённыя бальніцы абсталююць па-сучаснаму. Галоўны ўрач Чэрвеньскай бальніцы задаволены: за год цалкам удалося адрамантаваць паліклініку. І справа не толькі ў пафарбаваных фасадах: усе ўрачэбныя месцы абсталявалі камп'ютарамі са спецыяльнай праграмай. Урач адразу бачыць, хто прыйдзе на прыём па талонах, і можа загадзя вывучыць карту пацыента. Па сутнасці гэта першы крок па рэалізацыі электроннай карткі і электроннага рэцэпта.

Акрамя таго, вядзецца і тэхнічнае пераабсталяванне бальніц. Да канца года ў Чэрвені з'явіцца новы апарат ультрагукавога даследавання. Стары таксама працуе, аднак новы забяспечыць больш дакладную, а значыць і інфармацыйную карціну. Акрамя таго, з'явіцца і новая машына хуткай дапамогі. Дарэчы, для ўсіх бальніц купяць 24 новыя аўтамабілі, каб хуткая дапамога сапраўды хутка магла даязджаць нават да самых аддаленых пацыентаў.