Вулічнае мастацтва, якому не трэба вучыцца ў спецыяльных школах

26 января 2015

Зняць яблык з дрэва ці перайсці раку. У старажытнасці менавіта для гэтага людзі станавіліся на хадулі. Сёння ж такія веліканы забаўляюць публіку. “Флайн піпл” – так сябе называюць сталічныя артысты. Гэта людзі розных прафесій, якія ў вольны час ствараюць шоу.

Віктар Цыбін, артыст: "Мы проста станавіліся на вуліцы каля турнікоў, каля сцен і спрабавалі хадзіць".

Вулічнае мастацтва, якому не трэба вучыцца ў спецыяльных школах. Стварылі каманду, падрыхтавалі нумары і паехалі здзіўляць свет. Спачатку ў Расію, на міжнародны конкурс “Студэнцкая вясна”.

Вера Зацарынская, кіраўнік калектыву, рэжысёр: "Для гэтага мы зрабілі выдатны нумар, пад нашага беларускага песняра - Купалінку. Там такія краіны былі, з такімі ўнікальнымі народнымі нумарамі! Таму прадставіць нашу культуру і наш нацыянальны дух, які ёсць у песні Мулявіна: пяшчота, прыгажосць, чысціню".

Вобразы могуць быць рознымі: ад смешных да рамантычных. Тут спатрэбяцца і парыкі, і капелюшы, а часам і крылы.

Паліна Ходас, артыстка: "На мне народны беларускі касцюм, толькі з рознай мадэрнізацыяй, са сваёй сімволікай. А ў асноўным мы робім гэтыя касцюмы самі, складаем. Гэты касцюм зроблены з льна".

Звычайна выступленні праходзяць на адкрытых пляцоўках. А вось для рэпетыцый, асабліва зімой, неабходна памяшканне з высокімі столямі.

Вышыня хадуляў вагаецца ад 50 сантыметраў да трох метраў. Гэта прамыя палкі са спецыяльнымі прыступкамі. Вырабляюць іх пад заказ у сталічнага майстра.

Сярод аматараў такога экстрыму ёсць і дзеці. Вераніка Ткачэнка – самая маленькая ў калектыве. На хадулі яна стала ў 9 гадоў.

Вераніка Ткачэнка, артыстка: "Я ўбачыла, як іншыя ходзяць на хадулях, і мне хацелася таксама паспрабаваць. Раней было страшна, але зараз я ўжо прывыкла. Мне гэта так важна, я жадаю ездзіць па свеце, выступаць, гастраляваць".

Ужо праз тыдзень заняткаў Вераніка ўпэўнена выконвала складаныя трукі. А потым паставіла на хадулі і сваю маці.

Вера Зацарынская, кіраўнік калектыву, рэжысёр: "Я проста за яе спалохалася: ці маю я права яе адну адпускаць. І для таго, каб не было страшна, я сама стала за ёй хадзіць на хадулях".

Каб дацягнуцца да вышыні, трэба перш за ўсё перамагчы свой страх, – расказваюць артысты. А затым шмат трэніравацца і верыць у свае сілы.