Установы і арганізацыі прымуць у свае калектывы маладых спецыялістаў

25 июля 2014

У пачатку жніўня установы і арганізацыі прымуць у свае калектывы маладых спецыялістаў. Тыя, хто нядаўна атрымаў дыплом аб вышэйшай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі, цяпер на практыцы будуць выкарыстоўваць атрыманыя веды. Алена Борматава сустрэлася з маладымі спецыялістамі, хто на сваім першым месцы працы адпрацаваў ўжо год.


16 са сваіх 22 гадоў Таццяна Валахановіч звязала з сельскім Домам культуры. У вакальную студыю шасцігадовую дзяўчынку прывялі бацькі. Зараз педагог Валахановіч ужо год як ставіць галасы і навучае вакалу ажно некалькі дзясяткаў чалавек.


Малады спецыяліст ў сваю ж студыю вярнулася па размеркаванні. Скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, аддзяленне эстраднага вакалу. Паралельна з работай і рэалізацыяй вакальных амбіцый сваіх вучняў Таццяна і сама рыхтуецца да ўдзелу ў прафесійных конкурсах.


Кіраваць калектывам, у якім сама выступала з дзяцінства, прыйшла і малады харэограф. Пасля заканчэння каледжа ёй прапанавалі месца ў Мінску. Але яна вярнулася ў свой калектыў. Стала калегам сваіх жа педагогаў. Узорны ансамбль танца Беларусачка - гэта 4 групы з 56 чалавек. Былая танцоўшчыца сёння сама займаецца пастаноўкамі для роднага калектыву.


За 30 гадоў існавання калектыву праз Беларусачку прайшлі больш за 500 чалавек. Адна з выпускніц сёння займаецца пастаноўкай харэаграфіі для зборнай Расіі па гімнастыцы. А некалькі чалавек вяртаюцца сюды ж педагогамі.


У касцюмернай Дома культуры больш за палову вешалак займаюць касцюмы Беларусачкі. Усяго ў сельскім ДК 13 калектываў. Адзіны ў раёне ўзорны лялечны тэатр. У штаце ж усяго 16 чалавек.


Літаральна праз некалькі тыдняў сельскі Дом культуры ў пасёлку Энергетыкаў прыме на працу яшчэ двух маладых спецыялістаў - рэжысёра і кіраўніка танцавальнага калектыву. Дарэчы, кіраваць калектывам будзе малады чалавек, які сам займаўся ў Беларусачцы.