Удзел у пошуках зніклых людзей пачынае прымаць і разумная тэхніка

9 июля 2013

Сёння ў небе над Барысаўскім раёнам з'явіўся электронны Бусел М. Першы беспілотны лятальны апарат ў ратавальнікаў ўсёй краіны прайшоў сёння тэст ад МНС вобласці.


Прынцыпы дзеяння і магчымасці паветранай хай-тэк-машыны ацаніў Аляксей Кандраценка.


У вёсцы Зорычы надзвычайнае здарэнне. Без вестак прапаў мясцовы жыхар. Пайшоў у лес па ягады і не вярнуўся. Да пошукаў падключылася міліцыя і ратавальнікі.


Тыповая карціна ў сезон збору дароў лесу, але не тыповы метад пошуку. Ратавальнікі выкарыстоўваюць беспілотны лятальны апарат. У малога пад назвай Бусел М немалы функцыянал. Ніводная муха не праляціць міма незаўважанай.


Вышыня палёту да тысячы метраў, крэйсерская хуткасць - 65 кіламетраў за гадзіну.


Для таго, каб беспілотнік ўзляцеў, спецыяльны аэрадром не патрэбны. Дастаткова поля. Час падрыхтоўкі апарата да палёту - 20 хвілін.


З дзвюма батарэямі на борце Бусел М працуе ў паветры адну гадзіну. Увесь гэты час ім кіруе каманда на зямлі. Усё, што адбываецца ўнізе, відаць на маніторы, відэа запісваецца.


Беспілотны авіяцыйны комплекс - айчынная распрацоўка. Над яго стварэннем працавалі каля 40 беларускіх спецыялістаў.


У найбліжэйшы час Бусел М будуць выпускаць серыйна. Сярод заказчыкаў беспілотніка як беларускія, так і замежныя сілавыя структуры.