У беларускіх студэнтаў стала больш магчымасцяў зарабіць

13 августа 2013
Напярэдадні Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ, паводле якога студатрады могуць фарміравацца нават на час навучальнага года. І сёння ў Мінску кіраўнікі самага аўтарытэтнага маладзёжнага аб'яднання краіны прымалі калег з Расіі. Галоўнай тэмай перамоў сталі таксама студэнцкія атрады - сумесныя, беларуска-расійскія. А такіх ужо некалькі, і працуюць маладыя людзі і ў нас, і ў краіне-суседцы.

Ксенія Рабчынская пра ўсё па парадку.

Гэта звычайны рабочы дзень маладых людзей у сталічным мікрараёне Каменная Горка. Зусім хутка будоўля тут завершыцца. Ключы ад кватэр людзі ўжо атрымалі, а вось праехаць да пад'езда на асабістым транспарце яшчэ зусім нядаўна не маглі. Зараз дзякуючы беларуска-расійскаму будатраду гэта не праблема.

Яшчэ месяц таму на гэтым месцы было пуста, у прамым сэнсе поле. Сёння хлопцы са зводнага будатрада ўжо заканчваюць укладваць другую тысячу квадратаў тратуарнай пліткі. Зялёная зона, дзіцячая пляцоўка і нават аўтастаянка - гэта таксама іх заслуга. У планах да канца месяца тэнісны корт і баскетбольная пляцоўка.

Працуюць па 8 гадзін за дзень. І беларусы, і расіяне жывуць у студэнцкай вёсцы. Студэнты з краіны-суседкі для гэтага пераадолелі некалькі тысяч кіламетраў. Гавораць, як толькі даведаліся пра магчымасць папрацаваць у Беларусі, не разважаючы, згадзіліся. Задача не самая лёгкая, вядома, асабліва ў спякоту, але і плацяць за працу адпаведна. Ніхто з расіян да гэтага ў нашай краіне не быў. Зараз дадому павязуць фатаграфіі і, вядома, уражанні не толькі пра Мінск, але і пра Беларусь у цэлым.

А гэтым часам за круглым сталом з тымі, хто ўжо не першы раз у Мінску, абмяркоўвалі пытанні супрацоўніцтва студатрадаўскіх рухаў - расійскага і беларускага.

Сумесная праца, у прынцыпе, ужо наладжана. Пра гэта сведчыць і галоўная будоўля краіны - Астравецкая АЭС. Добраўпарадкаванне тэрыторыі ляжыць на плечах 20 будучых фізікаў-ядзершчыкаў з Расіі і студэнтак з Гродна. А вось на Усерасійскай студэнцкай будоўлі ў Баваненкаве на Ямале працуюць адразу 85 беларусаў з Полацкага і Гродзенскага дзяржуніверсітэтаў.

Зараз спецыялісты абодвух бакоў удасканальваюць нарматыўна-прававую базу. Рэч у тым, што студэнты, якія працуюць у будатрадах у нашай краіне, і расіяне, і беларусы, ад выплаты падаткаў вызваляюцца, а вось у Расіі нашым суайчыннікам прыходзіцца аддаваць у казну каля 30% заробку.

А літаральна напярэдадні ў беларускіх студэнтаў стала яшчэ больш магчымасцяў падпрацаваць і зарабіць. Напярэдадні святкавання паўвекавога юбілею студатрадаўскага руху Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ, у адпаведнасці з якім працаваць маладыя людзі пры жаданні змогуць нават падчас навучальнага года. Адзіная ўмова - каб кіраўніцтва іх альма-матар было не супраць.