Турысты ў Беларусі будуць запаўняць анкету-апытальнік

8 сентября 2016

Усяго 7 пытанняў, каб павялічыць турыстычны паток. Міністэрства спорту і турызму распрацавала новую анкету-апытальнік, якую па жаданні будуць запаўняць турысты, што прыязджаюць у Беларусь. Паводле статыстыкі, замежных гасцей у нашай краіне з кожным годам становіцца больш. За мінулы год Беларусь наведалі больш як 4 мільёны турыстаў. Пра новыя спосабы прыцягнення замежных гасцей раскажа Таццяна Кароль.

Ларыса Бозік жыве ў Ізраілі, аб'ехала без перабольшання паўсвету. Здавалася б, дасведчаную турыстку нічым не здзівіць. Але адпачынак у адным з беларускіх санаторыяў яна называе асаблівым.

Каб у турыстаў было больш магчымасцяў атрымаць асалоду ад адпачынку ў нашай краіне, у галоўным турыстычным ведамстве распрацавалі спецыяльны апытальнік. Вывучыць плануюць адразу некалькі базавых аспектаў.

На запаўненне анкеты спатрэбіцца не больш за пяць хвілін. Пытанні самыя банальныя: ад мэты паездкі (аздараўленне, адпачынак або праца) да колькасці начэй, якія чалавек правёў у Беларусі. У будучыні вынікі гэтага маніторынгу можна выкарыстоўваць у паляпшэнні турыстычнага патэнцыялу нашай краіны.

Раздаваць анкеты будуць у цягніках, самалётах і аўтобусах, якія накіроўваюцца ў Беларусь. Апытальнік ананімны, а ўдзел у даследаванні добраахвотны. І ў Мінспорту і турызму спадзяюцца на разуменне з боку турыстаў.

Лія Стома, кансультант аддзела дэпартамента Міністэрства спорту і турызму Беларусі: "Маніторынгі мы праводзім, каб атрымаць звесткі аб патоках міжнароднага турызму, аб скіраванасці, а таксама аб расходах турыстаў на тэрыторыі нашай краіны. У сукупнасці гэта нам дазволіць больш дэталёва ацаніць уклад турызму ў эканоміку краіны".

Пакуль праект толькі на паперы, першыя апытанні плануюць правесці ў найбліжэйшы час. Але рэакцыя ў турыстаў, прынамсі, тых, каго ўдалося сустрэць нам, толькі станоўчая.