Тульская вобласць Расіі зацікаўленая ў абнаўленні пасажырскага транспартнага парку беларускай тэхнікай

18 сентября 2013

Пра гэта заявіў сёння губернатар рэгіёну Уладзімір Груздзеў падчас сустрэчы з паслом Беларусі ў Расіі Ігарам Петрышэнкам. Кіраўнік Тульскай вобласці адзначыў, што ўлады рэгіёну маюць намер поўнасцю абнавіць парк тралейбусаў, аўтобусаў і трамваяў за найбліжэйшыя 2-3 гады. І разам з пастаўкамі беларускай тэхнікі неабходна як мінімум наладзіць яе сэрвіснае і гарантыйнае абслугоўванне, а ў ідэале - стварыць сумесныя зборачныя вытворчасці. Яшчэ адной сур'ёзнай галіной супрацоўніцтва Беларусі з расійскім рэгіёнам можа стаць сацыяльная сфера. У прыватнасці, расіян цікавіць беларускі вопыт арганізацыі аховы здароўя.


Пасол Беларусі сёння правёў сустрэчы з кіраўніком горада Тулы і бізнес-коламі вобласці. Партнёры зацікаўленыя ў прадукцыі беларускага машынабудавання, перш за ўсё ў ліфтавым абсталяванні і дарожнай тэхніцы. У Тулу прыехала і сур'ёзная дэлегацыя з нашай краіны. У яе склад увайшлі кіраўнікі буйных прамысловых, сельскагаспадарчых, будаўнічых, транспартных прадпрыемстваў Беларусі, а таксама Магілёўскага аблвыканкама. Па выніках візіту чакаецца павелічэнне экспарту беларускіх тавараў у Тульскую вобласць.