Кветкі да мемарыялаў і асаблівае хваляванне ў сэрцах - Беларусь памятае. Памятае кожнага!

5 мая 2020
Сёння эстафету памяці "Беларусь памятае. Памятаем кожнага" падхапілі як буйныя гарады (Мінск, Гродна, Слуцк),  так і невялікія вёсачкі, якія, на жаль, на карце застануцца пазначаныя толькі дамамі-абеліскамі. Папова Града была цалкам спаленая ў маі 1944. Сёння ўшанавана ў Хатыні. Мемарыяльны комплекс - сімвал трагедыі беларускага народа -  толькі летась наведалі больш за 250 тысяч чалавек. Пра сённяшні дзень памяці Юлія Токар. 

Вёска Папова Града знаходзілася за 35 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Пухавічы. Гэты кірунак Мінск - Рудзенск. Менавіта так жыхары маглі трымаць сувязь з партызанамі. Але ў маі 1944 вёска была спаленая цалкам, нікому не ўдалося выратавацца.
На безаблічных дамах таблічкі: "Ліда - 8 гадоў, Сяргей - 6...". У апошняй карнай аперацыі на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна (яго яшчэ называюць партызанскім краем) у агні жывымі згарэлі дзеці і старыя - усяго 55 чалавек. 
Падзеі таго страшнага дня ў свае 91 памятае Акім Якаўлеў. Ён родам з суседняй вёсцы Заграддзе. Ветэран Вялікай Айчыннай у 15 быў партызанам атрада імя Суворава 1-й Мінскай брыгады.
Папова Града так і не адрадзілася.
Ушанаваная ў мемарыяльным комплексе "Хатынь". Як і амаль дзве сотні спаленых беларускіх вёсак. Памяць аб загінуўшых сёння ўшанавалі хвілінай маўчання.
Ігар Петрышэнка, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Знаходзім новыя факты, сваякоў. Пастаянна прыязджаюць людзі з-за мяжы. Шчыра дзякуюць нашай краіне, нашым людзям за тое, што памяць іх бацькоў і дзядоў, загінуўшых на нашай зямлі, так  шануецца і паважаецца".

Подзвіг не забыты, а таму кветкі як сімвал новага жыцця - ля помніка кыргызскага салдата Джумаша Асаналіева - Героя Савецкага Саюза. У чэрвені 1944 ля вёскі Лабейкі Бешанковіцкага раёна 20-гадовы яфрэйтар у адзіночку знішчыў 23 гітлераўцы. Калі скончыліся патроны, апынуўшыся ў акружэнні фашыстаў, ён падарваў сябе. 

Эрмек Ібраімаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызстана ў Беларусі: "Радуе, што ў Рэспубліцы Беларусь захоўваюць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы такога роду з'яўляюцца лепшым таму пацвярджэннем".

Гэта ўжо кадры ля Дома афіцэраў. Артысты Горкаўскага і Моладзевага тэатраў, а таксама супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музея ўсклалі кветкі ля легендарнага Т-34. Баявая машына належыла экіпажу Фролікава, які першым увайшоў у заняты немцамі Мінск у 1944. 
"Беларусь памятае. Памятае кожнага"… і тых, хто загінуў у першыя дні вайны, устаўшы на абарону Гродна. Аддаць даніну павагі салдатам, якія вызвалялі горад, прыйшлі супрацоўнікі медустаноў і жыхары.
Жывая памяць і пра тых, хто вызваляў Мінск. На ваенных могілках  удзельнікі мінскага падполля, партызаны, героі Савецкага Саюза. 

У Слуцку ў гонар загінуўшых салдат пасадзілі яблыневую алею

Тут, ля Вечнага агню,  не сціхалі словы ўдзячнасці. 
Марафон памяці працягваецца. У вялікіх гарадах і маленькіх сёлах ля мемарыялаў будуць з'яўляцца свежыя букеты, а нашы сэрцы  перапаўняцца гонарам за мужнасць і адвагу кожнага беларуса.