Працоўны семестр набірае абароты

18 июня 2018

Тысячы беларускіх студэнтаў і школьнікаў па ўсёй краіне і за мяжой працуюць у студатрадах: будуюць атамную станцыю, дзіцячыя бальніцы, жылыя дамы, стаяць на прамысловых лініях і даглядаюць будучы ўраджай. Ці шмат трэба часу, каб знайсці працу школьніку або студэнту, колькі можна зарабіць на канікулах - даведалася Ганна Кавалёва.

Жамчужына Гомельскай вобласці - палацава-паркавы ансамбль у адным з самых прыгожых паркаў у СНД. Плошча - 34 гектары, на іх 6 тысяч унікальных дрэў з векавым узростам. У доглядзе ніякіх хімікатаў. Нават ад пустазелля пазбаўляюцца як і раней, а значыць незанятыя рукі патрэбныя заўсёды - кожнае лета тут працуюць студатрады.

У будучыні гэтыя маладыя людзі - кухары, сантэхнікі, муляры і памочнікі капітанаў. Да дыплома пакуль далёка, а магчымасць зарабіць ужо ёсць. Праца ў парку спецыяльных навыкаў не патрабуе. За месяц зарплата студэнта дасягае 160 рублёў. І гэта не мяжа.

Прадпрыемства "Гомсельмаш" з'яўляецца горадаўтваральным. Яго імя вядома ва ўсім свеце. Сёлета яно ўпершыню прыняло ў свой калектыў студэнцкі атрад. Зараз тут працуе 10 маладых людзей.

Летняя пара для Гомсельмаша - самая гарачая: уборачны плюс адпускны сезоны. Сёлета вырашылі пайсці на эксперымент. Зараз нараўне з вопытнымі прамыслоўцамі - навучэнцы аўтамеханічнага каледжа. Тут ужо патрэбна прафпадрыхтоўка. Адсюль і больш высокія зарплаты - да 800 рублёў.

Адбор прэтэндэнтаў на рабочыя месцы быў жорсткі. Шанц атрымалі толькі лепшыя. Праз год-два гэтыя хлопцы атрымаюць дыпломы токараў і фрэзероўшчыкаў. Калі зарэкамендуюць сябе, у будучыні атрымаюць тут ужо пастаянную працу.

Аляксандр Канапацкі, выконваючы абавязкі намесніка гендырэктара ААТ "Гомсельмаш": "Гэтае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва БРСМ, устаноў адукацый і наша ў гэтым ёсць цікавасць. Мы маем магчымасць убачыць на свае вочы нашых будучых работнікаў, яны маюць магчымасць паказаць сябе. І самае галоўнае, што студэнты атрымліваюць зарплату на ўзроўні нашых работнікаў".

Праца па сілах у летні перыяд знаходзіцца і для школьнікаў. Па законе непаўналетнія могуць працаваць толькі 4 гадзіны на дзень. Пры гэтым у іх няма ведаў і навыкаў нават па самых простых рабочых спецыяльнасцях. Здавалася б, прымаць такіх супрацоўнікаў работадаўцам нявыгадна. Аднак для тых жа сельгаспрадпрыемстваў школьны дэсант - сапраўднае выратаванне на чэрвеньскай праполцы агародніны. Акрамя таго, для кампаній, што прымаюць на працу школьнікаў, прадугледжаныя льготы.

Дарэчы, падаць заяўку на працаўладкаванне можна анлайн на афіцыйных сайтах БРСМ. Падабраць працу зараз - пытанне некалькіх гадзін. Сёння беларускія студэнты будуюць галоўныя прамысловыя і сацыяльныя аб'екты Беларусі, працуюць у медыцынскіх, педагагічных, сэрвісных атрадах, у тым ліку і за мяжой. Напрыклад, не так даўно ў Сочы адправіўся студэнцкі атрад з Гомельскай вобласці. Наогул, на поўдні Беларусі за лета плануюць працаўладкаваць 10 тысяч чалавек. З такімі лічбамі сярод абласцей краіны Гомельская штогод уваходзіць у тройку лідараў.