Святыня беларускай глыбінкі, звязаная з імем Пушкіна - стагоддзе адзначае царква Святога Духу ў Рагачоўскім раёне

25 апреля 2023

Стагоддзе сёлета адзначае царква Святога Духу ў вёсцы Дварэц Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Храм - галоўная славутасць невялікага мястэчка з насельніцтвам каля шасці соцень чалавек. І хаця к векавому юбілею захавалася не ўся ранейшая архітэктура царквы, аднак для беларускай глыбінкі святыня больш чым адметная, бо лёс Свята-Духавай царквы звязаны з вялікім рускім пісьменнікам Аляксандрам Сяргеевічам Пушкіным. Падрабязнасці ў Вольгі Мядзведзь.

Помнік архітэктуры драўлянага дойлідства ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Адна са святынь такога кшталту, што дажыла да нашых дзён. Матэрыял пабудовы лёгкаўзгаральны і хутка прыходзіць у заняпад (да таго ж кровапралітныя і багаборніцкія часы знішчалі амаль усе прыклады такіх храмаў). Царкве Святога Духу насамрэч амаль удвая больш за сотню.

Імператарская сям'я зрабіла прыходу падарунак, які цудам захаваўся да нашых дзён, - напрастольнае Евангелле, датаванае 1739 годам. У складаныя перыяды гісторыі, калі была рызыка страты такіх каштоўнасцей, прыхаджане хавалі Святое Пісанне разам з іконамі ў сваіх дамах.

Лічыцца, што падзякаваць за храм у вёсцы Дварэц трэба ўнучцы сусветна вядомага пісменніка Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Дачка яго старэйшага сына Наталля выйшла замуж за прадстаўніка бабруйскай галіны старажытнага дваранскага роду. Пасля прыезду ў свае ўгоддзі вырашыла ўзвесці ў адным з мястэчак каменную царкву. Старая ж, драўляная Свята-Траецкая, аказалася больш непатрэбнай, але была на той час у добрым стане, каб яе проста знішчыць.

Старажытныя іконы, харугвы, крыжы - скрозь стагоддзі дайшлі многія святыні. На жаль, звесткі, кім і ў якія гады яны былі ахвяраваныя Свята-Траецкаму прыходу, не захаваліся.

Іканастас не аўтэнтычны. Яго прывезлі ў 1921 годзе з царквы ў гонар Мікалая Цудатворца з Магілёва (зараз таго храма ўжо няма, перад знішчэннем выратавалі толькі гэтую частку святыні і знайшлі для яе новае месца служэння). Дзе ж роднае раздзяленне алтара і цэнтральнай часткі Свята-Траецкай царквы - дагэтуль невядома.

Першае богаслужэнне ў вёсцы Дварэц адбылося сто гадоў таму - 11 верасня, на Іаана Прадцечу. За гэты век храм перажыў многае: быў тут і зернесклад, і снайперская вышка на званіцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Зараз жа прыход хоць і невялікі, але малады (сярод вернікаў шмат дзяцей). Школьнікаў бацюшка далучае да здаровага ладу жыцця - арганізоўвае велазаезды, гульні, урокі праваслаўных асноў і нават выяўленчага мастацтва.