Судовыя прыставы і супрацоўнікі дарожнай міліцыі шукалі на вуліцах Мінска заядлых даўжнікоў

21 декабря 2017

Незвычайную сумесную акцыю правялі судовыя прыставы і супрацоўнікі дарожнай міліцыі. Прадстаўнікі правапарадку шукалі на вуліцах Мінска заядлых... даўжнікоў. Сёння больш за 2 мільёны чалавек маюць запазычанасці. У будучыні спецыялісты не выключаюць з'яўлення ў Беларусі прыватных агенцтваў па спагнанні даўгоў.

Доўга чакаць кліента не прыйшлося. Гэты вадзіцель забыўся заплаціць штраф за перавышэнне хуткасці. Зараз у яго ёсць два варыянты: альбо разлічыцца на месцы, альбо адправіцца да свайго судовага прыстава і вырашаць фінансавыя пытанні ў кабінеце. Мужчына выбірае першы варыянт.

Вынікі рэйду - за гадзіну спынена больш чым 10 даўжнікоў. Але, па словах спецыялістаў, гэта толькі вяршыня айсберга. На сёння больш чым 2 мільёны беларусаў маюць даўгі, якія не спяшаюцца аплачваць. Такое мерапрыемства - толькі адзін са спосабаў нагадаць даўжнікам аб іх абавязках.

Калі ж чалавек катэгарычна адмаўляецца плаціць, да яго могуць быць прыменены і больш кардынальныя меры.

Уладзіслаў Трыкоза, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі - начальнік упраўлення прымусовага выканання Мінгарвыканкама: "Звяртаюцца судовыя выканаўцы ў суд для абмежавання права ў выездзе за межы Рэспублікі Беларусь. Абмежаванне спецыяльных правоў - забарона на кіраванне транспартным сродкам, адмена дазволу на паляванне".

Прычым не важна, колькі і каму чалавек завінаваціўся - мільён рублёў таварышу або штраф за безбілетны праезд дзяржаве. Перад законам усе роўныя. Хаця, як паказвае практыка, цяжкасці з аплатай узнікаюць, калі сума перавышае некалькі тысяч рублёў.

Леў Борыс, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў: "Што ёсць у нас і што ёсць за мяжой? Там ёсць паняцце "прыватны судовы прыстаў". І я думаю, што гэта можна ўвесці і ў Беларусі. Будзе канкурэнцыя. Прыватныя прыставы працуюць на вынік для сябе і патрабавальніка".

Напрыклад, у Германіі ў 2012 годзе агульная сума прыватных даўгоў складала больш за 55 мільярдаў еўра. Прычым, як правіла, доўг аднаго чалавека перавышаў 10 тысяч еўра. Гэтая сітуацыя паспрыяла таму, што ў краіне некалькі гадоў таму сталі з'яўляцца так званыя прыватныя інкасафірмы. Гэтыя агенцтвы гэтак жа займаюцца спагнаннем даўгоў, але ў адрозненне ад судовых прыставаў яны самі сабе вызначаюць памер узнагароды ад удалай здзелкі. У сярэднім гэта 10 % ад сумы доўгу. І вось вынік - з моманту з'яўлення інкасафірмаў даўжнікоў у Германіі стала ў некалькі разоў менш.

Вырашана, што ў тандэме з ДАІ супрацоўнікі Мінюста будуць мінімум раз на месяц правяраць вадзіцеляў на наяўнасць запазычанасцяў. Так што перад тым як наступны раз сесці за руль, задумайцеся: ці няма ў вас неаплачаных даўгоў.