Студэнты з 9 краін прыехалі ў Мінск, каб вывучыць беларускую мову

25 августа 2015

Тут яны гавораць выключна на беларускай. Студэнты з 9 краін прыехалі ў Мінск, каб вывучыць нашу родную мову. Сёння адкрылася школа беларусістыкі. Праект для тых, хто па-сапраўднаму любіць Беларусь. На працягу двух тыдняў удзельнікі з Венгрыі, Чэхіі, Германіі, Польшчы, Славакіі Расіі, Кітая і Японіі будуць вывучаць фанетыку, граматыку і стылістыку нашай мовы. Многія з іншаземцаў не ведаюць рускай, але выдатна валодаюць беларускай. У асноўным усе гэтыя маладыя людзі ў сваіх універсітэтах вучацца на лінгвістаў і вывучаюць асаблівасці славянскай культуры.

Пра тое, як японцы вучацца вымаўляць фрыкатыўныя гукі, для чаго ў Германіі вывучаюць не сучасную, а старабеларускую мову, ведае Кацярына Шыбко.

За кубкам кавы на перапынках паміж лекцыямі замежныя госці размаўляюць выключна па-беларуску. Першапачаткова для кожнага з іх наша мова была не інакш, як экзотыкай. Цяпер, прызнаюцца, цытуючы Панчанку, мілагучна ўсё – і звонкае “дзе” і густое “чаго”. Рубен Бівальд прыехаў у летнюю школу беларусістыкі з Дрэздэна. Там вучыцца на філолага. Паралельна вывучае гісторыю. Зараз, расказвае, з вялікім захапленнем разглядае стварэнне і існаванне Вялікага Княства Літоўскага. Каб паглыбіць свае веды, і пачаў вывучаць сучасную мову – са старабеларускай.

Самым складаным, паводле слоў замежных студэнтаў, у беларускай мове лічыцца нават не граматыка – фанетыка. Каб нарэшце загучала фрыкатыўные “г”, Сіёры Кіёсава з Японіі не раз даводзілася практыкавацца перад люстэркам.

Цяпер Сіёра Кіёсава беларускую мову выкладае ў сябе на радзіме. Ва ўніверсітэце горада Цукуба праводзіць факультатывы для тых, хто цікавіцца нашай краінай. Паводле слоў вучоных, калі раней час ад часу і вяліся спрэчкі наконт таго, ці будзе праз дзесяцігоддзі беларуская мова існаваць, то зараз меркаванні ўжо не разыходзяцца. Жартуюць, якія яшчэ трэба доказы, калі нашу родную мову пачалі вывучаць нават японцы.

Аляксандр Лукашанец, старшыня міжнароднага і беларускага камітэтаў славістаў, прафесар: “Я вам скажу такі цікавы факт. Па даследаваннях замежных спецыялістаў, толькі 3,6% моў з усіх моў, якія існуюць на зямным шары, жывыя для Інтэрнэта – выкарыстоўваюцца ў Інтэрнэце. Астатнія 96,4% - для Інтэрнэту з’яўляюцца мёртвымі. Яны там не выкарыстоўваюцца. Дык вось беларуская мова ўваходзіць у тую частку моў, якая выкарыстоўваецца ў Інтэрнэце”.

Летняя школа беларусістыкі адкрылася ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай адукацыі. Студэнтам з 9 краін - Венгрыі, Чэхіі, Германіі, Польшчы, Славакіі, Расіі, Кітая и Японіі – многія лекцыі па-беларуску будуць чытаць выкладчыкі БДУ. Дапамогуць замежным гасцям вывучаць мову таксама і нашы студэнты.

Летняя школа беларусістыкі будзе працаваць два тыдні. Акрамя лекцый арганізатары падрыхтавалі культурную праграму, якая дапаможа замежным гасцям яшчэ больш пазнаць Беларусь. Заўтра запланавана экскурсія па Мінску. Акрамя таго, студэнты абавязкова пабываюць у Нясвіжы, Заслаўі і Вязанцы – Літаратурным музеі Янкі Купалы, які для многіх з’яўляецца кумірам. Некаторыя ўдзельнікі школы беларусістыкі спрабуюць перакладаць творы класіка на свае родныя мовы.