Сталічны Партызанскі праспект абнавіў адзін са сваіх галоўных сімвалаў

9 октября 2015

Сёння пасля маштабнай рэканструкцыі адбылося ўрачыстае адкрыццё мазаікі «Партызаны». Знакамітая гісторыка-культурная каштоўнасць на фасадзе гасцініцы «Турыст» была створана больш за  40 гадоў таму народным мастаком Беларусі  Аляксандрам Кішчанкам. Для таго каб вярнуць пано другое жыццё, спатрэбіліся чатыры з паловай мільёны плітак смальты. На адкрыцці выступіла ўдава аўтара, а таксама кіраўніцтва горада, рэстаўратары, будаўнікі і студэнты Акадэміі мастацтваў.

Алег Жогла, кіраўнік адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска: "Гэта не толькі пано. Давайце яшчэ ўспомнім адкрыццё сёлета на тэрыторыі Заводскага раёна мемарыяла лагера смерці  "Трасцянец". Там затрачаны вялікія грошы і ўвекавечана памяць загінуўшых.  А гэтае пано сімвалізуе тое, што наш народ ніколі не забудзе тыя  страшныя падзеі, што адбыліся 70 гадоў таму". 

Уладзімір Змушко, дырэктар ААТ «Белрэстаўрацыя»: "Кожны тон, кожная дэталь – усё было рукамі мастака нанесена на кардон, і потым па гэтых эскізах майстры наносілі смальту. Гэта карпатлівая і складаная работа".

Адзначым, усяго ў Мінску ў такой стылістыцы, акрамя мазаікі «Партызаны», яшчэ чатыры манументальныя пано.