Сталічная мэрыя перайме вопыт Швецыі па рэгуляванні рынку працы

14 февраля 2018

Вопыт Швецыі па рэгуляванні рынку працы і садзейнічанні занятасці насельніцтва будзе пераймаць сталічная мэрыя. Сёння пра гэта дамовіліся прадстаўнікі Мінгарвыканкама і Шведскай дзяржслужбы занятасці. Эксперты са Стакгольма правялі аналіз рынку працы і разам з беларускімі калегамі склалі так званы барометр прафесій на гэты год. У топе запатрабаваных - каля 30 спецыяльнасцей: сістэмныя аналітыкі, медсёстры, праграмісты, фармацэўты, а таксама будаўнічыя прафесіі.

Пэр Ліндберг, прадстаўнік Шведскай дзяржаўнай службы занятасці: "Ёсць два спосабы павысіць макраэканамічныя паказчыкі краіны ў цэлым. Па-першае, нацыя павінна больш працаваць. Узровень беспрацоўя ніжэйшы - краіна больш вырабляе і зарабляе. І па-другое, працаваць больш якасна, павышаць прадукцыйнасць працы. У гэтым могуць дапамагчы нават беспрацоўныя, якія пройдуць перанавучанне і атрымаюць новую прафесію".

Шведскія эксперты адзначылі высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі па рабочых спецыяльнасцях ў Беларусі, а таксама кадраў у IT-сферы. Згодна з іх прагнозамі, попыт на гэтыя прафесіі ў найбліжэйшыя гады будзе толькі расці.