Стаць валанцёрам чэмпіянату свету па хаккеі можна да 30 верасня

17 июля 2013

На Алімпіядзе ў Лондане гэтых людзей звалі games markers - тыя, хто робяць гульні. Гаворка ідзе аб валанцёрах. Без іх не можа адбыцца ніводны буйны міжнародны турнір. За год да пачатку чэмпіянату свету па хакеі - 2014 адбор валанцёраў пачаўся і ў Беларусі. Стартавалі актыўна: ужо за першыя 10 дзён на адрас аргкамітэта паступіла больш за 500 анкет.


Хто яны - беларускія валанцёры і чаму згодныя працаваць за форму і ежу - высвятляла Алена Гарэльчык.

Яўгенія - выпускніца БДУ і валанцёр з вопытам. Апошняе месца добраахвотніцкай працы - чэмпіянат свету па веласпорце на трэку. Гэтыя дадзеныя, гаворыць дзяўчына, абавязкова напіша ў рэзюмэ.


Даведаўшыся аб наборы валанцёраў на чэмпіянат свету па хакеі, Яўгенія не сумнявалася ні хвіліны. Яе анкета апынулася ў ліку першых. Такіх першых, праўда, за 10 дзён ужо набралася больш за паўтысячы. 70% складаюць дзяўчаты. У асноўнай масе - студэнты. У валанцёры не бяруць маладзейшых за 18, а вось верхняй узроставай мяжы не існуе.


Паводле планаў, на чэмпіянаце свету будзе працаваць 1050 валанцёраў. Гэта больш, чым у Хельсінкі або Стакгольме. Паводле прагнозаў, анкет чакаецца больш як 4 тысячы. Конкурс - 4 чалавекі на месца. Далей - як на прыёмных іспытах. Усё вельмі строга. Першы адбор - паводле звестак анкет, каму пашанцавала - трапіць на гутарку.


Валанцёры - яны паўсюль, дапамагаюць усім і заўсёды. Сустракаюць у аэрапортах, дапамагаюць засяліцца ў гатэль, выконваюць ролю сувязных у камандах, працуюць з журналістамі і суддзямі, абслугоўваюць арэны і нават суправаджаюць на допінг-кантроль. Добраахвотна і бясплатна.


Стаць валанцёрам чэмпіянату свету па хаккеі можна да 30 верасня. Менавіта гэтая дата - апошні дзень прыёму заявак. Пакінуць анкету можна на афіцыйным сайце планетарнага форуму: www.minsk2014.com.