Стаць поварам за тры месяцы рэальна

12 февраля 2014

Колькасць кулінарных курсаў у сталіцы пастаянна павялічваецца. Напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў кафэ, рэстаранах і гасцініцах з'яўляецца недахоп не толькі афіцыянтаў, але і повараў. Навучэнцы кулінарных школ у скарочаны тэрмін праходзяць усе этапы неабходнай кулінарнай падрыхтоўкі - ад вывучэння санітарных нормаў да прыгатавання першых, другіх блюд і дэсертаў. А для лепшага засваення матэрыяла практычныя заняткі праводзяцца ў сталічных кафэ і рэстаранах. Наш карэспандэнт Надзея Сербіненка даведалася, дзе можна навучыцца кулінарнай справе.



На кулінарныя курсы ў гэты адукацыйны цэнтр прыходзяць тыя, хто любіць гатаваць. Арганізатары абяцаюць, што праз тры месяцы кожны, хто мае жаданне, можа стаць поварам. Няхай і не прафесійным, але неабходную для працы базу за гэты час засвоіць рэальна.


Першае, праз што праходзяць усе повары, якія пачынаюць прафесійна гатаваць, гэта правільнае трыманне нажа. Галоўнае пры нарэзцы агародніны, напрыклад, морквы - нельга адрываць кончык нажа ад дошкі, а руку трэба трымаць вельмі ўпэўнена.


Таццяна - наведвальніца курсаў - пакуль не плануе станавіцца прафесійным поварам. Два разы на тыдзень у свой вольны час яна проста вучыцца смачна гатаваць.


Ахвотнікаў атрымаць кулінарную адукацыю ў сталіцы знайшлося шмат. Уся справа ў тым, што напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі на кадравым рынку якраз і не хапае повараў і іх асістэнтаў.


Іна Купава, кіраўнік кулінарнай школы: Зараз напярэдадні чэмпіянату адкрываецца шмат кафэ, рэстаранаў, гасцініц. Яны таксама з гэтым сутыкнуцца і вельмі вялікая будзе праблема. Мы будзем нейкім чынам пераманьваць супрацоўнікаў.


Выпускнікі кулінарных курсаў праходзяць практыку на кухнях першага беларускага фуд-корта.


Каб у маі як след пачаставаць спартыўных турыстаў, повары-навічкі адказна рыхтуюцца да першынства. У звыклае меню дадаюць непаўторныя гастранамічныя ноткі.


Аляксей Новік, піцаёла: Прадчуванне, што трэба будзе папрацаваць 24 гадзіны за суткі сем дзён на тыдзень.


Прыгатаванне любімых страў для кагосьці з'яўляецца мімалётным захапленнем, а для кагосьці - прафесіяй і справай усяго жыцця. Каб стаць поварам, патрэбны не столькі час і тэарэтычная падрыхтоўка, а колькі імпэт і жаданне гатаваць смачна і правільна.