Спартыўнае свята для моладзі

25 мая 2015

У Заводскім раёне сталіцы стала больш на дзве пляцоўкі для варкаўта. На адкрыцці выступілі каманды па брэйк-дансе, футбольным і валейбольным фрыстайле. Паспаборнічаць можна было і ў перацягванні каната. Да вулічнай культуры далучылася і Юлія Токар.

У Заводскім раёне гэта першыя пляцоўкі для заняткаў варкаўтам. Практыкаванні на брусах, турніках і спецыяльных гарызантальных лесвіцах - асноўныя элементы вулічных трэніровак. Цікава, што месца выбрана невыпадкова. Лесапаркавай зоне аддалі перавагу самі жыхары раёна.

Фізічна размяцца, падцягнуцца і адчуць сваю моц заводскія атлеты могуць менавіта тут.

Турнікі, брусы і свежае паветра… Па-сутнасці аматарам варкаўта гэтага дастаткова. Для атлетаў усё абсталяванне рознай вышыні. Па-першае, для зручнасці выканання, па-другое, каб займацца вулічным спортам маглі і навучэнцы пачатковых класаў.

І нягледзячы на тое што варкаўт больш папулярны сярод хлопцаў, займаюцца гэтым вулічным спортам і дзяўчаты. Студэнтка Валерыя Пратасевіч - мастак-аматар - заўсёды знаходзіць хвіліну і для здароўя.

Падчас урачыстага адкрыцця спартыўных пляцовак выступілі каманды па брэйк-дансе, футбольным і валейбольным фрыстайле. Тут жа праходзілі спаборніцтвы па дартсе і перацягванні каната.

Дарэчы, у сталіцы ўжо існуюць дзве спецыялізаваныя пляцоўкі варкаўта. Між тым зараз распрацоўваецца праект на адкрыццё яшчэ адной, самай вялікай - для правядзення спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню.