Стварыць адзіны гарадскі фонд капітальнага рамонту

26 декабря 2015

Стварыць адзіны гарадскі фонд капітальнага рамонту і вывесці паслугу з камуналкі прапанавалі на першай рэспубліканскай канферэнцыі Саюза таварыстваў уласнікаў і жыллёвых спажывецкіх кааператываў. Дарэчы, паспяховы вопыт стварэння і працы такіх фондаў існуе ўжо не першы год у расійскіх гарадах. На думку некаторых прадстаўнікоў Саюза таварыстваў уласнікаў і жыллёвых спажывецкіх кааператываў, гэта чыста будаўнічая паслуга, а значыць, патрабуе планавання і дыферэнцыяванага падыходу ў аплаце.

Падрабязнасці ў наступным рэпартажы. Расказвае Вольга Анішчанка: Паводле тарыфаў, за квадратны метр жылога памяшкання за месяц мы плацім амаль 838 рублёў. Памнажаем, да прыкладу, на метраж у 60 квадратаў, 12 месяцаў і 25 гадоў - гарантыйны перыяд для капрамонту. У выніку атрымаем ледзь больш як 15 мільёнаў беларускіх рублёў. Аднак уласнікі плацяць толькі 30% ад усёй сумы капітальнага рамонту, 70 - гэта датацыі дзяржавы. Гэтыя сродкі ідуць у "агульны кацёл". Адтуль - на аднаўленне больш старых дамоў.

Дзейнічае прынцып: сёння я плачу за рамонт вашага дома, а заўтра вы заплаціце за рамонт нашага. Таму адлічваюць на капрамонт і тыя, хто жыве ў новабудоўлях, дзе рамонт яшчэ не патрабуецца, і тыя, чый дом плануюць найбліжэйшым часам знесці.

Неабходных сум у бюджэце часта не хапае, і тэрміны капрамонту зрушваюцца. Паводле канцэпцыі адзінага фонду, кожны дом зможа назапашваць грошы самастойна, не дзелячыся імі пасля з домам-суседам, а значыць, і рамонт рабіць тады, калі паўстала такая патрэба. Такі фонд, на думку экспертаў, дазволіць вывесці гэтую паслугу з камунальных плацяжоў і зрабіць яе больш самастойнай і гнуткай. Падобны вопыт ужо існуе ў Расіі.

У Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы гавораць: калі рамонт патрэбен, то ён будзе выкананы, незалежна ад колькасці пералічаных грошай. А працы будуць залежаць толькі ад тэхнічнага стану жылога дома.

Але да стварэння адзінага фонду прадстаўнікі Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі ставяцца без запалу, тлумачачы гэта складанасцю прапанаванай сістэмы і немагчымасцю яе поўнай рэалізацыі ў краіне. Бо ў выпадку няўдачы цяжар адказнасці ляжа на дзяржаву і бюджэтныя грошы.

Зрэшты, сістэма ЖКГ спрабуе абнаўляцца. Ужо запрацавалі дзве адзіныя службы, якія дазваляюць у кароткія тэрміны вырашыць жыллёва-камунальную праблему. Сэрвіс зручны, дазваляе ўбачыць вынік, ацаніць праробленую працу. Магчыма, ідэя адзінага фонду павінна выспець. Бо відавочныя плюсы дазволяць уласнікам скараціць безнадзейнае чаканне рамонтных прац.