Сучасны дзіцячы сад на 230 месцаў адкрылі сёння ў Калодзішчах

29 июля 2020
Доўгачаканы для мясцовых жыхароў аб'ект мае цэнтр тэхнічнага канструявання з інтэрактыўнай пясочніцай для фарміравання ў дзяцей лагічнага і канструктарскага мыслення. Таксама ў дашкольнай установе адкрыты цэнтр выяўленчага мастацтва, дзе маленькія выхаванцы ўжо з трох гадоў будуць знаёміцца з асновамі колеразнаўства і жывапісу. 

Надзея Сербіненка пабывала на ўрачыстым адкрыцці аб'екта. Новага дзіцячага садка ў Калодзішчах не хапала даўно. Аграгарадок знаходзіцца ўсяго за дзесяць кіламетраў ад Мінска, ён актыўна развіваецца, і тут жыве шмат маладых сем'яў. Толькі за апошнія некалькі гадоў насельніцтва Калодзішчаў дасягнула 18 тысяч чалавек.


Новы дзіцячы сад адкрыўся ў Калодзішчах


Два іншыя дзіцячыя садкі, пабудаваныя яшчэ ў савецкія часы ў Калодзішчах, проста не змяшчалі ўсіх ахвочых. За будаўніцтвам новага доўгачаканага сада, як і іншыя мясцовыя жыхары, пільна сачыла бабуля дваіх унукаў Ірына Халадзінская. 


Аб'ект новага пакалення


Трохпавярховы будынак разлічаны на 230 месцаў. Ёсць асобныя фізкультурная, музычная і харэаграфічная залы, таксама сучасныя харчовы і медыцынскі блокі. Асаблівую ўвагу надалі інтэлектуальнаму развіццю выхаванцаў. У садзе ёсць цэнтр мастацкай творчасці і тэхнічнага канструявання з інтэрактыўнай пясочніцай і наборам разумных канструктараў.

Дзіцячыя садкі і школы па новых дызайн-праектах з сучасным абсталяваннем зараз узводзяцца ў розных раёнах Мінскай вобласці. Актыўнае развіццё інфраструктуры ў населеных пунктах паблізу Мінска працягнецца. Так, у наступным годзе ў Калодзішчах адкрыюцца яшчэ адзін дзіцячы сад і новая школа.