Сацыёлагі на тыдні паказалі сучасныя сямейныя каштоўнасці беларусаў у лічбах

7 июня 2015

Інстытут сацыялогіі Акадэміі навук абвясціў вынікі маштабнага даследавання пад назвай "Беларусь 20-30". Асаблівае месца ў ім было адведзена пытанням дэмаграфічным.

Такім чынам, на думку беларусаў, у сучаснай сям'і павінна быць як мінімум двое дзяцей. Калі дакладней, сярэдняя лічба па выбарцы - 2,3. Цікава, што найбольшая колькасць дзяцей значыцца ў адказах старэйшага пакалення.

Пацікавіліся сацыёлагі і тым, якія якасці беларусы лічаць неабходным выхоўваць у дзецях у першую чаргу. Пераважная большасць - амаль 80% (78,9%) - упэўненая, што гэта любоў і павага да бацькоў і старэйшых, у прыярытэтах таксама дабрыня, прыстойнасць, працавітасць і самастойнасць у рашэнні праблем. Варыянт "уменне прыстасоўвацца да сітуацыі" - а такі ў гэтым анкетаванні таксама быў - набраў толькі крыху больш за 10% прыхільнікаў

І яшчэ трохі паказальных лічбаў - зараз ужо пра дзяржпадтрымку. У даследаванні пра тое, якія віды дапамогі маладым сем'ям неабходна ўдасканальваць, у лідарах кватэрнае пытанне. Амаль 75% лічаць, што першым чынам неабходна пашырыць сістэму льгот па паляпшэнні жыллёвых умоў, і яшчэ трохі больш за 35% выступаюць за ўдасканаленне механізму фінансавай дапамогі ў пагашэнні крэдытаў на жыллё. Менш за ўсё, на думку беларусаў, трэба выпраўляць сістэму адраснай сацыяльнай дапамогі і сістэму льгот у сферы адукацыі.