Супрацоўнікі Асвода і ратавальнікі праводзяць рэйды і нагадваюць правілы паводзін на вадзе

15 июня 2022

Вадасховішча Вяча, Мінскае мора, Заслаўскае і Камсамольскае возера  сталі цэнтрам прыцягнення жыхароў і гасцей Мінска і вобласці.  Усё больш ахвотнікаў выбіраюць адпачынак ля вады. І каб ён быў камфортным і бяспечным, за станам пляжаў сочаць спецыялісты лясных гаспадарак, а супрацоўнікі Асвода і ратавальнікі праводзяць рэйды і нагадваюць правілы паводзін на вадзе. 

Ілья Цвяткоў далучыўся да аднаго з аб'ездаў акваторый. 

Бяспека каля вады перш за ўсё. На кантролі супрацоўнікаў МНС і лясной аховы кожны квадратны метр пляжаў і акваторый вадасховішчаў вобласці, каб зрабіць камфортным адпачынак каля вады.


Добраўпарадкаваннем папулярных лакацый для акварэлаксу займаюцца прадстаўнікі лясных гаспадарак. За спецыялістамі Бараўлянскага лясгаса замацавана тэрыторыя вадасховішча Вяча. Да пачатку купальнага сезона тут ужо адрамантавалі пляжнае абсталяванне, з'явілася яшчэ больш кабінак для пераапранання і мангалаў. Ачысцілі таксама набярэжныя ад смецця, а самі вадаёмы - ад доннай расліннасці. 

Каб вырашыць пытанне з паркоўкай, на папулярных лакацыях для воднага адпачынку абсталёўваюць прасторныя гасцявыя месцы для аўто. 

За кожнай замацавана некалькі пляжаў. Спецыялісты вядуць кантроль сем дзён на тыдзень, рэгулярна выязджаюць на агляд месцаў для купання. У экстрэмальна спякотнае надвор'е дапамога адпачывальнікам можа спатрэбіцца ў любую хвіліну. 

Падчас рэйдаў аматарам заплываў на доўгія дыстанцыі нагадваюць правілы бяспекі на вадзе і раздаюць памяткі з тэлефонамі экстранных службаў і спосабамі аказання першай дапамогі пацярпелым.

Каб прадухіліць надзвычайныя здарэнні, варта памятаць простыя правілы: купацца выключна ў абсталяваных месцах, недалёка ад выратавальных станцый, пазбягаць заплываў ў нецвярозым стане. Асаблівую ўвагу ратавальнікі просяць звяртаць на непаўналетніх. Бацькам трэба растлумачыць падлеткам пра небяспеку скачкоў у ваду з дамбаў і іншых тэхнічных збудаванняў, а малых дзяцей  не варта пакідаць адных каля вады.