Супрацоўнікі МНС нясуць узмоцненае дзяжурства на палях

30 июля 2014

Уборачная - гарачая пара не толькі для аграрыяў, але і для ратавальнікаў. Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях на палях Мінскай вобласці нясуць узмоцненае дзяжурства. Больш за 130 экіпажаў ратавальнікаў з ранку да позняй ночы ідуць за збожжаўборачнай тэхнікай.


Аляксандр Харавец убачыў, як аграрыям дапамагаюць зберагчы ураджай.


Працоўны дзень у супрацоўнікаў МНС падчас уборачнай кампаніі пачынаецца і заканчваецца разам з механізатарамі. Сёлета на палях Мінскай вобласці дзяжурства нясуць больш за 130 падраздзяленняў ратавальнікаў. Сонечнае надвор'е з аднаго боку дапамагае аграрыям. З другога - дадае клопатаў.


У 30-градусную спякоту вузлы і агрэгаты камбайна значна награваюцца. На жатку намотваецца салома, збіраецца шалупінне, а гэта можа прывесці да ўзгарання. Таму камбайнеры па тры разы на дзень ачышчаюць збожжаўборачныя машыны.


Міхаіл Саладуха ачышчае свой камбайн ад пылу і смецця за дзесяць хвілін. Механізатар прызнаецца, гэта крыху стрымлівае працу, аднак захоўвае тэхніку ад паломак і магчымага ўзгарання. Ды і якасць абмалоту збожжа павышаецца. У выніку надзвычайнай сітуацыі побач ратавальнікі.


Дзмітрый Лагвіновіч, першы намеснік генеральнага дырэктара сельгаспрадпрыемства: Перад уборачнай кожны камбайнер праходзіць інструктаж па пажарнай бяспецы. Гэтыя экстрэмальныя ўмовы надвор'я з аднаго боку дапамагаюць хутка і якасна ўбраць ураджай, з другога боку, уносяць карэктывы ва ўборку, у сэнсе таго, што трэба часцей спыняцца, прадзімацца, накладваюць пэўную адказнасць на механізатараў.


Падчас маніторынгу супрацоўнікі МНС правяраюць наяўнасць на камбайнах вогнетушыцеляў, лапат, скрыняў з пяском і супрацьпажарных палотнішчаў.

Анастасія Швайбовіч, прэс-сакратар Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Беларусі: Асаблівая ўвага надаецца выкананню супрацьпажарнага рэжыму, недапушчэнню курэння, а таксама ўкамплектаванасці тэхнікі супрацьпажарнымі сродкамі і, зразумела, веданню работніка, як дзейнічаць у выпадку надзвычайнай сітуацыі.


Супрацоўнікі МНС дзяжураць не толькі на палях, але і на зернесушыльных комплексах. Сёлета на збожжавых плантацыях цэнтральнага рэгіёна не зафіксавана ні адной надзвычайнай сітуацыі.