Адважны эксперымент у Гомельскім абласным ліцэі

10 июня 2014

Тут энергію сонца не толькі вывучаюць, але і выкарыстоўваюць. Батарэя на даху ліцэя дазволіць самастойна выпрацоўваць 20% патрэбнай электрычнасці.


Тэорыю выкарыстання сонечных промняў у навучальным працэсе вывучыў Віталь Краснабаеў. Пакуль старшакласнікі ў тэорыі вывучаюць сутнасць фотаэфекту, адміністрацыя Гомельскага абласнога ліцэя выкарыстоўвае яго прынцыпы на практыцы. Тут узяліся забяспечыць сябе даступнай электрычнасцю. І ў гэтым няма ніякага прарыву ў навуцы. Толькі сусветны вопыт. Энергію сонца гэтыя восемдзесят чатыры фотапанэлі на даху ліцэя ператвараюць у энергію электрычную.


Прынцып працы сістэмы досыць просты. Сонечныя промні трапляюць на гэтыя панэлі і выпрацоўваюць электраток. Зарад назапашваецца і паступае ў гарадскія электрасеткі. І ўжо адтуль электраэнергія ідзе на патрэбы ліцэя.


Працэс навучання, падлічылі спецыялісты, досыць энергазатратны. І хоць усе выдаткі сонечныя батарэі не пакрыюць, але дваццаціпрацэнтную эканомію дадуць.


З улікам навучальнага графіка сонечная лабараторыя дасць магчымасць ліцэістам яшчэ і зарабляць. У сезон канікул спажыванне электраэнергіі памяншаецца, а вось выпрацоўка застаецца на ранейшым узроўні. Дарэчы, тэорыю аб тым, што ў пахмурнае надвор'е і ўзімку фотапанэлі становяцца неэфектыўнымі, у ліцэі аспрэчваюць.


Такіх адважных эксперыментаў у сістэме адукацыі Гомельскай вобласці яшчэ не ставілі. Ліцэй стаў своеасаблівай дэманстрацыйнай пляцоўкай. Не выключана, што яго вопытам скарыстаюцца і іншыя школы.