Следчыя Капыльскага раёна працягваюць высвятляць абставіны гібелі двух дзяцей

26 августа 2015

Напярэдадні на мясцовым вадасховішчы патанулі 3-гадовы хлопчык і 16-гадовая дзяўчына. Школьніца спрабавала выратаваць малога. Той за секунды да трагедыі сядзеў на надзіманым матрацы, які парывам ветру аднесла ад берага. Здавалася, гісторыя магла скончыцца добра. Дзяўчына разам з выратаваным малым плыла да берага, але за 30 метраў ад зямлі сілы пакінулі яе і абодва… схаваліся пад вадой.

Рэпартаж Аляксандра Савенкі.

Работнікмясцовай помпавай станцыі Іван Бурмака адназначна запэўнівае: такога тут не здаралася. Такая трагедыя на яго памяці ўпершыню.

Возера папулярнае нават за межамі раёна. Дзве сям'і прыехалі адпачыць. За секунды да трагедыі хлопчык сядзеў на надзіманым матрацы, які адной часткай знаходзіўся на беразе, другой у вадзе. Парыў ветру знёс матрац па цячэнні. Дзяўчына, не задумваючыся, кінулася за перапалоханым малым.

Таццяна Беланог, афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці: "Апынуўшыся на адлегласці каля 30 метраў ад берага, на жаль, яна не змагла ўтрымаць дзіця і яны абодва схаваліся пад вадой. У сувязі з тым што на беразе не было спецыяльных выратавальных сродкаў і відавочцы не ўмелі плаваць, яны не змаглі аказаць належнай дапамогі дзецям".

Самае жудаснае, што 16-гадовая дзяўчына і яе 3-гадовы стрыечны брат танулі прама на вачах сваіх маці. Бездапаможнасць бацькоў у гэтай сітуацыі ніколькі не апраўдвае іх. Па словах відавочцаў, у іх кампаніі былі і дарослыя мужчыны. Праўда, тых не аказалася своечасова побач.

Цела дзяўчыны ратавальнікі дасталі з вады ўжо праз некалькі гадзін. Пошукі яе брата ўскладніліся. Было прынята рашэнне перанесці іх на наступны дзень.

Пошукі загінуўшага хлопчыка скончыліся бліжэй да паўдня. Яго знайшлі за некалькі дзясяткаў метраў ад берага. Работу ратавальнікаў ускладняў моцны вецер. Цела ад меркаванага месца ўтаплення аднесла на даволі вялікую адлегласць.

На мінулым тыдні ў Беларусі патанулі 30 чалавек. І толькі за выхадныя з вады не выйшлі 19 купальшчыкаў. Усяго ж з пачатку года ахвярамі воднай стыхіі сталі больш за 300 чалавек, з іх 23 - дзеці.