Моцны шквалісты вецер пакінуў без электрычнасці 320 населеных пунктаў Мінскай вобласці

4 июля 2016

Навальнічны фронт, які прайшоў па тэрыторыі ўсёй краіны, прынёс моцныя ападкі і парывісты вецер. У Мінскай вобласці найбольш пацярпелі населеныя пункты ў Капыльскім, Пухавіцкім і Стаўбцоўскім раёнах. Пашкоджаныя дахі многіх школ і дашкольных устаноў, а таксама сельскагаспадарчых будынкаў. Так, у Капыльскім раёне на тэрыторыі малочнатаварнай фермы ў вёсцы Папоўцы ад моцнага ветру павалілася 10-метровая воданапорная вежа. Пацярпелых няма.

Крысціна Барэйка, прэс-сакратар Мінскага абласнога ўпраўлення МНС:

"Ужо да 8 раніцы 4 ліпеня электрычнасць была цалкам адноўленая ў 316 населеных пунктах. Акрамя гэтага, наступствам моцнага ветру сталі пашкоджаныя дахі будынкаў у Пухавіцкім, Стаўбцоўскім і Капыльскім раёнах. Усяго пацярпела 11 будынкаў. Зараз праводзяцца ўсе аднаўленчыя работы".

Стыхія не абмінула і сталіцу. Моцным ліўнем былі падтопленыя чатыры ўчасткі дарог, на гадзіну прыпыніўся рух сямі тралейбусных маршрутаў. У выніку падзенняў дрэў былі пашкоджаныя сем легкавых аўтамабіляў.