Семнаццаць тысяч аперацый за год, абсталяванне экспертнага класа і пяць рэспубліканскіх цэнтраў у адной клініцы

4 февраля 2016

Апошнія дасягненні ў сферы медыцыны паспяхова выкарыстоўваюць у дзясятай гарадской клінічнай бальніцы. За апошнія два гады клініка прайшла маштабную мадэрнізацыю. І ўжо сёння фінансавыя ўкладанні даюць вынікі: у клініцы праводзяць найскладанейшыя і часцяком унікальныя аперацыі на вачах, органах грудной клеткі і брушной поласці. Надзея Сербіненка - аб інавацыях, даступных кожнаму.

Афтальмалогія - кірунак, які найболей паспяхова развіваецца ў дзясятай клінічнай бальніцы. Дзякуючы гэтаму клініка і атрымала статус Рэспубліканскага афтальмалагічнага цэнтра. Штогод тут паляпшаюць зрок больш чым тысячы пацыентаў з усёй краіны. Для правядзення аперацый выкарыстоўваюць фемтасекундны лазер. Апарат зводзіць рызыкі ўскладненняў да мінімуму і дазваляе чалавеку бачыць на "адзінку" ўжо на наступны дзень пасля хірургічнага ўмяшання.

Ігар Забароўскі, загадчык аддзялення 10-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска: "Фемтасекундны лазер - адзіны ў краіне, таму ўсе аперацыі, якія праводзяцца на ім, з'яўляюцца для нашай краіны ўнікальнымі. Тут праводзяцца як лазерныя карэкцыі зроку, так і перасадкі рагавіцы з дапамогай фемтасекунднага лазера".

За апошнія два гады дзясятая бальніца прайшла маштабную мадэрнізацыю. Цалкам абнавіўся і аперацыйна-хірургічны блок. Дзве залы - універсальныя. Тут можна праводзіць аперацыі на любой частцы цела.

У гэтым аперацыйна-хірургічным блоку ўсталявана сучаснае абсталяванне экспертнага класа. Тут праводзяць найскладанейшыя аперацыі на лёгкіх, органах грудной клеткі, страваводзе і дыяфрагме.

У абноўленай аперацыйнай таксама рэалізаваны праект "тэлемедыцына". Усталяваныя тут відэакамеры ў рэжыме анлайн дазваляюць трансліраваць аперацыю ў іншыя навуковыя цэнтры.

Мікалай Валадковіч, загадчык аперацыйнага блока 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска: "Нас могуць кансультаваць аддалена прафесар, дацэнт альбо іншы спецыяліст з іншай краіны. Дзякуючы таму, што ён у рэальным часе бачыць, што адбываецца ў аперацыйнай".

Пацыенты з самымі складанымі і рэдкімі дыягназамі ў гастраэнтэралогіі таксама прыходзяць да спецыялістаў у "дзясятку". Тут робяць адзіныя ў краіне дыхальныя абследаванні. Такая інавацыйная дыягностыка бязбольная і дае найболей дакладныя вынікі.

Дзясятая бальніца сама рыхтуе кадры - пастаянна навучае інтэрнаў, а таксама павышае кваліфікацыю ўрачоў з іншых клінік. Усяго тут працуе 9 навуковых кафедр.

Наталля Саевіч-Афіцыерэ, намеснік галоўнага ўрача10-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска: "У планах на гэты год - усталяваць апарат МРТ, які будзе прымаць дастатковую колькасць пацыентаў з усёй Рэспублікі Беларусь".

Толькі летась 36 тысяч чалавек паправілі сваё здароўе ў гэтай бальніцы. Акрамя беларусаў, у 10-ю клінічную пастаянна звяртаюцца і пацыенты з-за мяжы.