Сённяшняе свята аб'ядноўвае сямейныя і духоўныя каштоўнасці

14 октября 2017

У гэты дзень асабліва пачытаюць Маці ўсіх маці, апякунку дзяцей, заступніцу сям'і - Святую Дзеву Марыю. Праваслаўныя вернікі адзначаюць Пакровы Прасвятой Багародзіцы. Урачыстыя службы праходзяць ва ўсіх храмах і манастырах. З сённяшняга дня пачынаецца час змовін і восеньскі вясельны сезон. А яшчэ ад сярэдзіны кастрычніка чакаюць першага, хай і невялікага, але снежнага покрыва - тады і зіма будзе сапраўдная, са снегам. Аб сімвалічным дні Наталля Бардзілоўская.

Пяць разоў на тыдзень яна спяшаецца на вуліцу Барысаўскую, 2 у гарадскім пасёлку Бягомль. Тут яе чакаюць так… Дзесяць выхаванцаў школы-інтэрната бягуць ёй насустрач. Яе клас. Дзеці-сіроты, дзеці, якіх забралі ў асацыяльных бацькоў, іх пакінулі маткі-зязюлі.

У дзяржустанове – 105 дзяцей. Тут іх апрануць, накормяць, дагледзяць. Навучаць быць карыснымі ў грамадстве (у інтэрнаце працанавучанне і працатэрапія рыхтуюць да дарослага жыцця). Чатыры ж гады таму Алена Цімкова свядома змяніла прафесію юрыста на педагога-псіхолага і папрасілася ў штат інтэрната - вельмі хацела даць хоць дзясятку малышоў выключна мацярынскае: пяшчоту і ласку.

Дома яе чакаюць сын і дзве дачкі. Для іх яна мама, а для мужа... матушка. Ці ведала Алена, выходзячы замуж 15 гадоў таму, што бярэ на сябе адказнасць не толькі за ўласныя дом і сям’ю, але і за некалькі соцень прыхаджан. А гэта значыць - узорная маці, узорная верніца, узорная гаспадыня.

Разам з бацюшкам цяпер яе клапоціць, як абсталяваць новабудоўлю (месяц таму бягомльскія праваслаўныя пераехалі ў новы храм). Сёння тут прастольнае свята: царква ж Багародзічная, у гонар нараджэння Дзевы Марыі, цяпер – яе Пакровы.

Святу некалькі стагоддзяў. Яно пайшло ад падзей 910 года, калі на Канстанцінопаль напалі паганцы, каб захапіць храм, дзе захоўваліся пояс і покрыва Багародзіцы. Хрысціяне закрыліся ў царкве з малітвай. Ім з’явілася Божая Маці, якая ўзяла сваё покрыва і распасцерла над вернікамі. Яна выратавала іх. Вораг знік. Дваццаць гадоў таму беларусы ўбачылі ў гэтым паданні вялікі сімвалізм: у нашым народзе спакон веку культ веры, культ маці, сям’і. 14 кастрычніка на нацыянальным календары было пазначана як афіцыйны Дзень маці.

Маці – гэта імя Бога на вуснах і ў сэрцах яе дзяцей - старажытная прымаўка і ісціна, правераная тысячагоддзямі. Маці ж тая, дзякуючы якой дзіця пачынае бачыць, чуць, адчуваць і спазнаваць гэты свет. Мама - самае першае, потым – галоўнае слова. Яна – узор абсалютнай любові. Жанчына, якая дае жыццё, а потым апякуе, дапамагае, ратуе.

Хіт, які і сёння ў першых радках FM-станцый на ўсёй постсавецкай прасторы. У Злучаных Штатах Амерыкі ўвайшоў у 25-ку лепшых. Гімн маці пісаў Валерый Галаўко на бальнічным ложку. У 1997-м здарылася аварыя, у выніку якой ён страціў жонку. Сам жа выжыў цудам.

Дваранка. Чалавек, які перажыў вайну. Настаўніца-матэматык – Валерый з любоўю гартае фотаальбом. Узгадвае: як і большасць з нас, у яго, падлетка, былі і свае непаразуменні з матуляй, і спрэчкі, і крыўды. Таму ў песню, словы да якой напісала Алена Турава, уклаў і сум, і любоў, і нібыта пакаянне перад самым блізкім чалавекам.

У кліпе на песню – сам Галаўко і яго мама. Сёння гэта самы дарагі для Валерыя відэазапіс, бо ў лютым матулі не стала. І твор не абмежаваўся аўтабіяграфічнасцю.

Вёска пад Смілавічамі. Прастора. Людміла і Насця Валчок – хто каго? Ужо шэсць гадоў, як яе спартыўны запал дадаецца мацярынскім!

Заслужаны майстар спорту, уладальніца кубкаў свету па лёгкай атлетыцы. У 2001-м напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Афінах Людміла залезла на дах паправіць тэлеантэну і ўпала. З таго часу не ходзіць. Але дзяўчына не знікла з гісторыі спорту. Сёння яна паралімпійка, лыжніца. Рызыкуючы жыццём і насуперак апасенням медыкаў, нарадзіла цудоўную дачку. Справіцца з траўмай Алене дапамаглі сям’я. Брат і мама. Вядома ж, і Настачка. Мама шмат працуе, часта на зборах. Дзяўчынка расце самастойнай і з характарам. Вось і першыя спартыўныя поспехі.

А 11-гадовая Аліна марыць пра эстрадны Алімп. Дзяўчынка вучыцца ў сталічнай вакальнай студыі. Музычная школа, танцавальны гурток, урокі акцёрскага майстэрства. Ва ўсіх пачынаннях дзяўчынку падтрымлівае яе мама... другая. Шэсць гадоў таму пяцігадовую малышку з сёмага дзіцячага прытулку забрала беларуская бізнесвуман Таццяна Ткачова.

Алініны два браты засталіся ў дзіцячым доме. Таццяна Ткачова клапоціцца і аб іх лёсе: хутка хлопчыкаў возьмуць у сям’ю.

Напярэдадні Таццяну Ткачову разам з пяцідзесяццю матулямі віншавалі ўлады Міншчыны. Штогод на дзяржаўным узроўні, на самых розных яго ступенях - ад раённай да ўрадавай - жанчын, якія сваім мацярынствам даюць прыклад, шануюць і ўзнагароджваюць. У краіне амаль 8 з паловай тысяч шматдзетных матуль – уладальніц найвышэйшага знака - ордэна Маці. І справа не толькі ў адзнаках. Натуральнае жаночае памкненне да мацярынства знаходзіць падтрымку ў дзяржаўнай палітыцы, накіраванай на ахову мацярынства і дзяцінства. Планаванне сям’і, вядзенне цяжарнасці, родадапамога і медыцынская дапамога немаўлятам, умовы адпачынку па доглядзе дзіцяці і выплаты матулям, ільготы шматдзетным, ахова працы для жанчын-маці і так далей. Наша будучыня – дзеці – пад апекай нашай дзяржавы і нашых матуль.