Сёння ў Брэсце прэзентавалі новы экскурсійны маршрут

19 февраля 2013
Востраў Пагранічны - гэтая тэра інкогніта не толькі для турыстаў, але і для большасці брастаўчан - сёння прыняў сваіх першых наведвальнікаў. Яго будаўніцтва доўжылася з мая па лістапад і абышлося мясцоваму бюджэту амаль 5 з паловай мільярдаў рублёў. Доўгія гады гэтая тэрыторыя была закрытай для наведвання памежнай зонай. І вось, здаецца, надышоў час прыадкрыць над ёй заслону таямніцы.
Плошча вострава 46 гектараў. Сваю назву ён атрымаў ужо ў пасляваенныя гады. Паколькі мяжа прайшла па водным канале Тэрэспальскага ўмацавання, востраў увайшоў у склад Савецкага Саюза, і цытадэль крэпасці была зачыненая. Час на востраве быццам спыніўся. Большасць аб'ектаў тут захаваліся ў сваім першародным выглядзе. Гэта астаткі казармаў і капаніраў пачатку мінулага стагоддзя, парахавыя склады і каменны флігель архітэктара Дзмітрыя Карбышава, цагляны шлюз і будка мытніка канца 19-га стагоддзя. Усяго 38 аб'ектаў, якія маюць гісторыка-культурны інтарэс.
Адкрыццё турыстычнага маршруту - гэта першы крок да стварэння цэлага гісторыка-культурнага комплексу. Зараз над яго канцэпцыяй працуюць 4 групы архітэктараў. Каардынуе ўсё выхадзец з Брэста Уладзімір Мікулік.
Планы ва ўладаў па развіцці гэтай тэрыторыі амбіцыйныя. Адна толькі першая чарга комплексу ўключае ў сябе стварэнне 20-ці аб'ектаў. І без фундатараў тут не абысціся.
Мяркуецца, што першыя групы турыстаў пройдуць па востраве Пагранічным ужо ў красавіку.