Сёння адбудзецца цырымонія ўручэння прэміі "Трыумф. Героям спорту"

25 февраля 2015

Гэтую падзею ўжо называюць спартыўным "Оскарам". Усяго 8 намінацый. Лёс чатырох вырашала ўся краіна шляхам галасавання, астатніх - кампетэнтнае журы.

У гэтыя хвіліны ў Палацы спорту працуе наш карэспандэнт Станіслаў Ліпскі (прамое ўключэнне).

Пашанцавала мне знаходзіцца тут гэтым вечарам: усё ж адным з першых даведаюся імёны трыумфатараў, ды і гала-паказ абяцае быць грандыёзным. Але ні ў якім разе дзеяслоў "пашанцавала" нельга прывязваць да намінантаў, бо дзе як не ў спорце людзі аддаюць усе мажлівыя, а часам і неймаверныя сілы, каб дамагчыся выніку. І вось за свае перамогі, за сваю волю да перамогі, веру ў перамогу яны атрымаюць чарговую заслужаную порцыю авацый і як прыемны бонус вось гэтую статуэтку.

Публічны конкурс "Трыумф. Героям спорту 2014" сёлета святкуе маленькі юбілей - гэтае ўручэнне ўзнагарод стане пятым. Таму арганізатары прынялі аднагалоснае рашэнне, што конкурс годны свайго гімна. І сёння яго ўпершыню выканаюць. Вядома, што ў цырымоніі адкрыцця шоу задзейнічаная нават зборная Беларусі па мастацкай гімнастыцы, а вядучымі спартыўнага свята стануць Дзмітрый Бачкоў, вядучы інфармацыйна-аналітычных праграм Белтэлерадыёкампаніі, і Вольга Рыжыкава, вядомая ўсім нам як асоба забаўных праектаў.

А самае галоўнае ў сённяшнім вечары - гэта, вядома ж, інтрыга і пэўны завочны спаборніцкі дух у барацьбе за перамогу ў васьмі намінацыях. У чатырох з іх трыумфатараў вызначалі тэлегледачы. Паўтара мільёна беларусаў прагаласавалі ў намінацыях "Лепшы спартсмен", "Лепшая спартсменка", "Лепшая каманда" і "Лепшы трэнер года". Забягаючы наперад, скажу: пад сакрэтам удалося даведацца ў арганізатараў, што менавіта паміж настаўнікамі ішла самая вострая барацьба. Клауса Зіберта і Мікалая Казеку раздзялілі лічаныя галасы, аднак, хто ж стаў пераможцам, мне так і не сказалі. Лепшых у яшчэ чатырох намінацыях - "Прарыў года", "Вынік года", "Самы яркі спартыўны момант года" і "За волю да перамогі" - вызначала журы. Дарэчы, алімпійская чэмпіёнка Афін Юлія Несцярэнка аб'явіць лаўрэата ў апошняй з іх.

Трыумфатараў конкурсу, акрамя афіцыйных асоб, павіншуюць артысты беларускай эстрады: Тэа, Вольга Плотнікава, Іскуі Абалян, гурты MUZZART, "Беатрыс", "Дразды" і афіцыйныя прадстаўнікі нашай краіны на конкурсе "Еўрабачанне-2015" Юзары і Маймуна.

Такім чынам, зусім няшмат часу засталося да старту цырымоніі ўзнагароджання. У 21:00 на інфармацыйным канале "Панарама" мы яшчэ сустрэнемся, а тэлегледачам нагадаю: у 22:00 на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24" вас чакае тэлеверсія гала-паказу.

Нагадаем, менш за гадзіну засталася да адкрыцця грандыёзнага шоу. Імёны некаторых трыумфатараў ужо стануць вядомыя ў вячэрнім выпуску "Панарамы".