Сёння афіцыйна адкрыецца вёска спартсменаў

20 июня 2019
Пераносімся ў вёску спартсменаў. На гэты  момант там засяліліся ўжо больш як 2 тысячы чалавек. Гэта спартсмены, трэнеры, прадстаўнікі дэлегацый. Пра гэта нашай здымачнай групе паведамілі напярэдадні падчас медыятура. 

У журналістаў была ўнікальная магчымасць убачыць побыт спаборніцкага жыцця. Дзе спяць, што ядуць і як адпачываюць спартсмены -  даведвалася Іна Пілевіч. 

Трыкацыклы зараз  самы запатрабаваны транспарт у вёсцы спартсменаў. У рэжыме нон-стоп на іх перавозяць багаж новых пастаяльцаў комплексу на праспекце Дзяржынскага. Да цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў тут будуць жыць 6 тысяч удзельнікаў форуму. Гэта не толькі спартсмены, але і трэнеры, урачы, менеджары. 

Вёска спартсменаў знаходзіцца пад узмоцненай кругласутачнай аховай. Проста так сюды не трапіць - толькі па спецыяльных бейджах. Напярэдадні такую магчымасць атрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў. За час медыятура ім паказалі, дзе трэніруюцца, як адпачываюць і што ядуць удзельнікі II Еўрапейскіх гульняў. Меню разнастайнае - грыль, салаты, еўрапейская, беларуская кухні. 

У перапынках паміж спаборніцтвамі можна пазнаёміцца з нашай гісторыяй. Напярэдадні ў комплексе для ўдзельнікаў II Еўрапейскіх гульняў адкрыўся Цэнтр беларускай культуры. У экспазіцыі - нацыянальныя строі, музычныя інструменты, народныя промыслы і рамёствы, творы мастацтва. Спартсменам прапаноўваюць самім змайстраваць сувеніры.

Афіцыйна вёска спартсменаў адкрыецца сёння. А  16-й гадзіне на алеі флагаў адбудзецца шэсце. У ім возьмуць удзел прадстаўнікі 50 краін.