Сёння Міжнародны дзень памяці ахвяраў халакосту

27 января 2017

Страшны генацыд у гады Вялікай Айчыннай забраў жыцці шасці мільёнаў яўрэяў. Разам з усім светам смуткуюць і беларусы. На тэрыторыі нашай краіны дзейнічала больш за 320 гета, у якіх загінулі каля 800 тысяч чалавек.

Расказвае Наталля Бардзілоўская: Два дзясяткі каменных фігур, якія спускаюцца на дно ямы, бронзавыя скульптуры па вуліцы Мельнікайтэ ў беларускай сталіцы нагадваюць: менавіта на гэтым месцы ў сакавіку 1942 года нацыстамі было пакарана больш за пяць тысяч вязняў Мінскага гета. Кампазіцыя "Апошні шлях", абеліск ад 1947 года з надпісам на ідышы і Алея праведнікаў міру - усё гэта комплекс-мемарыял "Яма". Першае ў СССР і па сённяшні дзень месца, найбольш вядомае з помнікаў ахвярам халакосту.

Некалькі разаў на год на 2-га сакавіка (дзень вялікай кары яўрэяў у кар'еры-яме), 21 кастрычніка (дата апошняга пагрому ў Мінскім гета) і на дзень Перамогі 9 мая штогод менавіта тут - цэнтр мерапрыемстваў памяці загінуўшых. Зрэшты, увесь Мінск "прасякнуты" трагічнай гісторыяй вайны, нямецкай акупацыі і масавага знішчэння яўрэяў. Абеліск ва ўрочышчы Шашкоўка на ўскраіне сталіцы нагадвае аб карах у лагеры смерці Трасцянец. Адрас - Раманоўская Слабада,19 - у 40-ых месца дэпартацыі і забойства 450-ці брэменскіх яўрэяў.

Вядома, менавіта Мінскае гета было адным з самых буйных у Еўропе. Праз яго прайшлі звыш 100 тысяч прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасці, уключаючы не толькі беларускіх яўрэяў і яўрэяў з акупіраванай часткі СССР, але з краін Заходняй Еўропы.

З верасня 1941-га ў Мінск сталі дэпартавацца людзі з Германіі, Аўстрыі, Чэхіі.

Вуліца Сухая. На месцы старых яўрэйскіх могілкаў - помнік ахвярам халакоста, дэпартаваным з Еўропы. Ужо стала традыцыяй 27 студзеня, на дзень памяці, збірацца тут для памінальнай малітвы і сімвалічнага запальвання свечкі. Для памятнага слова не толькі аб вязнях Мінскага гета - аб больш чым трохстах гета ўсёй Беларусі, аб ахвярах фабрык смерці ў Масюкоўшчыне, Калдычове і Шталазе гавораць палітыкі і студэнты, прадстаўнікі яўрэйскіх суполак і хрысціянскіх канфесій Беларусі.

Грамадскі дыялог у гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна, кінапаказы і ўшаноўванне выжыўшых вязняў гета і фашысцкіх канцлагераў, выстава пад назвай "Чытаць і пісаць з Ганнай Франк" - самай знакамітай у свеце малалетняй ахвярай нацызму - усе мерапрыемствы, прысвечаныя Халакосту сёлета, праходзяць пад дэвізам "Асвета ў імя лепшай будучыні".

"Халакост" - ад старажытнагрэчаскага "усёспальванне". Наўмысная спроба знішчэння ўсёй яўрэйскай нацыі фашысцкай Германіяй датуецца 1933-1944 гадамі. Міжнародны дзень памяці ахвяраў халакосту аб’явіла Генеральная асамблея ААН. Дата памятнага дня выбрана невыпадкова: 27 студзеня 1945 года лагер смерці Асвенцым быў вызвалены савецкім салдатам.