Самыя цікавыя навіны з Гродзенскага рэгіёна

27 октября 2018

Жыхар Гродна вырасціў гарбуз-гігант вагой больш за 600 кілаграмаў. Першы тактыльны пешаходны пераход для людзей са слабым зрокам з’явіўся ў горадзе над Нёманам. І рэстаўрацыя гродзенскага старога замка з удзелам міжнародных экспертаў. Далей - самыя цікавыя навіны з Гродзенскага рэгіёна.

Гродзенскія агароднікі-аматары паставілі своеасаблівы рэкорд. Сям’я Гаўраніных вырасціла гарбуз-гігант вагой больш за 600 кілаграмаў. Для гэтага былі створаны ўсе ўмовы: правільны паліў, сонечны рэжым, які, дарэчы, карэкціраваўся парасонам, і своечасовая апрацоўка. Восенню, калі слупок тэрмометра пачаў апускацца, догляд за раслінай стаў яшчэ больш пільным. На ноч прыходзілася накрываць коўдрай. Зараз унікальны экспанат выстаўлены на агульны агляд у агратурыстычным комплексе ля Гродна. З улікам велізарных памераў, каб падняць і вывезці гарбуз з дачнага ўчастка, прыйшлося задзейнічаць аўтамабільны кран.

Гродна зрабіў яшчэ адзін крок да безбар’ернага асяроддзя. Першы ў горадзе тактыльны пешаходны пераход з’явіўся ў мікрараёне, дзе пражывае шмат людзей са слабым зрокам. Асаблівасць новаўвядзення ў тым, што на мяжы тратуара і дарогі жоўтая плітка з выпукласцямі. Што дазваляе невідушчым лепш арыентавацца на праезнай частцы. Створаны новы пераход у рамках дзяржаўнай праграмы па сацыялізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Усяго за час яе дзеяння з 2016 года ў рэгіёне рэалізавана больш за 300 праектаў, сярод якіх у тым ліку і абсталяванне пандусамі жылых і адміністрацыйных будынкаў.

Арганы Еўропы зноў загучалі ў Гродне. Першы канцэрт у рамках V Міжнароднага свята арганнай музыкі прайшоў у нестандартным фармаце. На адной сцэне іграла японская арганістка Хірока Іноўэ і гродзенская капэла. Гэта рэдкая з’ява ў музычным жыцці, калі арган іграе пад акампанемент аркестра. Традыцыйна канцэрты даюцца на ўнікальным аргане, які ўстаноўлены у зале Гродзенскага музычнага каледжа. Сёння на тэрыторыі краін СНД няма аналагаў гэтаму інструменту, які можа перадаваць тэмбравае гучанне ўсіх рэальна існуючых арганаў Еўропы.

У рэстаўрацыі старога замка ў Гродне прымаюць удзел польскія эксперты. На гэтым тыдні яны наведалі абласны цэнтр і ацанілі ход першай чаргі рэстаўрацыі. Замежных спецыялістаў цікавілі ўсе стадыі і дэталі работ на аб’екце. Сярод гасцей - эксперты самага шырокага профілю – гэта гісторыкі, рэстаўратары, мастацтвазнаўцы і нават спецыялісты па аднаўленні старажытных дарог. Асобная увага пад час інспектавання будаўнічых работ была нададзена матэрыялам, якія выкарыстоўваюцца для рэстаўрацыі.