Рубрыка Даўгабуд

22 июля 2013

На наш адрас прыходзяць лісты з рознымі просьбамі і пытаннямі, якія закранаюць усе нюансы будаўніцтва. Як, напрыклад, у гэтым выпадку. Кватэры пабудаваныя і нават ключы ўжо на руках. Аднак не ўсё так гладка. Лішнія сродкі, якія людзі даплачвалі звыш ільготнага крэдыту, забудоўшчык не выкарыстаў, але і грошы не вярнуў.


Разабрацца ў праблеме і дапамагчы адшукаць мільёны рублёў, закапаныя на будоўлі, спрабавала і наш карэспандэнт Ксенія Рабчынская.

Гэтую будоўлю на вуліцы Малініна ў Мінску даўгабудам назваць цяжка: дом здалі ў тэрмін. Будучыя жыхары расказваюць: тады яшчэ радасна выдыхнулі, маўляў, пашанцавала. Зараз аб шанцаванні можна толькі ўспамінаць: зусім хутка сям'ю Осіных чакае чарговае судовае слуханне.


Надзея Осіна, дольшчык: Для будаўніцтва бралі льготны крэдыт, але ўся сума льготнага крэдыту не пакрыла кошту будаўніцтва, і мы ўносілі ўласнымі сродкамі дастаткова буйную суму памерам 150 мільёнаў.


Суму сабралі за тры месяцы: прыйшлося пазычаць. Калі дом быў скончаны, забудоўшчык зрабіў пераразлік: зараз квадратны метр патаннеў. Людзі (а большасць дольшчыкаў у гэтым доме будаваліся менавіта па льготным крэдыце) зноў радасна выдыхнулі. Але, аказалася, заўчасна.


Адзін квадратны метр у гэтай кватэры пасля пераразліку каштаваў дольшчыкам 4,5 мільёна. Гэта значыць фактычна кошт жылля зменшыўся на 150 мільёнаў рублёў - тыя самыя, якія людзі даплачвалі з уласных сродкаў. Але вярнуць іх пакуль шматдзетным сем'ям не ўдалося. Па словах дольшчыкаў, усе лішнія грошы забудоўшчык перавёў на рахунак у банку - пакрыў частку льготнага крэдыту. Фактычна пазбавіў сем'і сацыяльнай падтрымкі, якую ім аказвала дзяржава.


Надзея Осіна, дольшчык: Растлумачыў тым, што ў п. 8 указа Прэзідэнта аб долевым будаўніцтве напісана, што, калі дольшчык выкарыстаў ільготны крэдыт, то ўсе лішнія грошы пералічваюцца ў кошт пагашэння льготнага крэдыту. Хаця, па разліках банка, мы павінны лішняга крэдыту вярнуць у банк толькі 64 мільёны са 153.

Дыялогу з забудоўшчыкам не выходзіць: наша здымачная група звярнулася па каментарый, але на тэлефонныя званкі ў офісе ні па адным з нумароў ніхто не адказвае. У банку каменціраваць сітуацыю адмовіліся. Самі ж дольшчыкі ў адказ на ўсе пісьмовыя і вусныя просьбы аб пераразліку атрымліваюць ад забудоўшчыка толькі спасылку на ўказ. З такой трактоўкай заканадаўства людзі не згодныя.


Такіх сем'яў у гэтым доме не адна і не дзве, а як мінімум дзесяць. Ключы атрымалі вясной, але многія ўсё яшчэ не могуць пераехаць: тыя сродкі, якія планавалі патраціць на рамонт, ім забудоўшчык не вярнуў, хаця яны нават афіцыйна лішнія. Кропку ў гэтай справе паставіць суд, чарговае слуханне ў пачатку жніўня. Пакуль што людзям застаецца толькі спадзявацца, што гэтая кропка не ператворыцца ў яшчэ адну коску.