Калядныя канцэрты, вершы і падарункі рыхтуюць самыя маленькія вернікі

7 января 2014

Раство Хрыстова - гэта час і для міласэрнасці. Калі вернікі розных прыходаў аб'ядноўваюцца на шляху дабрачыннасці. Калядныя канцэрты, вершы і падарункі рыхтуюць самыя маленькія вернікі. Радасцю свята дзеляцца з дзецьмі, якія сустракаюць яго ў дзіцячых дамах і бальніцах.


Аляксандра Драгун пабывала на рэпетыцыі ў нядзельнай школе. Апошнія рэпетыцыі - і на сцэну. Выхаванцы нядзельнай школы ў гонар святога пакутніка Гаўрыіла Беластоцкага рыхтуюць святочную праграму. З маленства ведаюць: шчасцем і радасцю трэба дзяліцца. Асабліва падчас Раства Хрыстова.


А пакуль - святочнае набажэнства. Традыцыйнае падчас Раства. Сваю ж творчасць пакінуць да Калядаў.


Першыя крокі ў храме, Дзіцячы музычны катэхізіс, Праваслаўе і сучаснасць. У прыходзе Увядзення ў храм Прачыстай Багародзіцы дзейнічаюць пяць груп у межах нядзельнай школы. Заняткі наведваюць дзеці ад трох гадкоў і моладзь.


У прыходзе каля 100 дзяцей, таму нядзельная школа працуе пяць гадзін запар. Пакуль толькі ў суботы на час будаўніцтва царквы. У гэтым будынку ідуць службы, але часу хапае для калядных рэпетыцый.


Звонку доўгачаканы храм гатовы. Застаюцца толькі апрацоўчыя работы. Планавалі да Божага Раства адзначыць наваселле, але не паспелі. Не здаюцца. І ганарацца сваім велічным храмам, бо ўзвялі яго выключна за ўласныя сродкі.


Восем гадоў таму з Беластока ў Мінск перавезлі частку мошчаў святога пакутніка Гаўрыіла. Сёння гэта галоўная святыня прыхода. Многія вернікі адчулі на сабе жыватворную сілу вялікага пакутніка.


Свайго заступніка дзеці шануюць. Абразы з выявай святога аздабляюць сваімі рукамі. Бацькі ў сваю чаргу не нацешацца з дзяцей. Духоўнае навучанне ў нядзельнай школе дае свой плён у свецкім жыцці.


Усё, што падрыхтавалі маленькія вернікі, прыхаджане і бацькі ўбачаць 11 студзеня.