Роўна тыдзень застаецца да Дня Вялікай Перамогі

2 мая 2020
Беларусь моцная сваімі традыцыямі. І гэтыя дні напоўненыя асаблівым сэнсам. Роўна тыдзень застаецца да Дня Вялікай Перамогі. Кожны год 9 Мая мы адзначаем урачыста. А гэты год яшчэ і юбілейны. 75 мірных гадоў. Сёння ўсе мы прыгадваем урокі мінулага і, галоўнае, тых, дзеля каго зараз (у нашы дні) мы абавязаныя быць разам - згуртаванымі і адзінымі. Бадай, гэтыя словы як ніколі набываюць асаблівы сэнс. 


Беларускі народ - народ-пераможца. І гэтае пачуццё гонару - наша крыніца сілы


І, вядома, у гэтыя дні ўся наша ўвага, цяпло і клопат накіраваная ім - галоўным героям - ветэранам. Менавіта яны - прыклад выключнай устойлівасці і мужнасці. Ішлі апошнія дні перад Перамогай. Так, 2 мая 1945 года войскі Першага Беларускага фронту пад камандаваннем маршала Жукава сумесна з войскамі Першага Украінскага фронту пад камандаваннем маршала Конева цалкам занялі сталіцу фашысцкай Германіі горад Берлін! Вялікая частка войскаў Берлінскага гарнізона, які абараняў горад, усвядоміўшы бескарыснасць супраціўлення, склала зброю і здалася ў палон у 3 гадзіны пасля поўдня. Праз некаторы час быў напісаны загад аб капітуляцыі фашысцкай Германіі.

І вось нашы дні. Гераічныя подзвігі, гісторыі і лёсы кожнага беларуса аб'яднаў патрыятычны праект "Беларусь памятае. Памятаем кожнага". Увесь наступны тыдзень пройдзе пад мірным сімвалам - кветак яблыні: беларусы ўскладуць кветкі да мемарыяльных комплексаў, абеліскаў, помнікаў, братэрскіх моглак і Магіл Невядомых Салдат ва ўсіх кутках нашай краіны. Далучыцца да патрыятычнай эстафеты, ушанаваць хвілінай маўчання памяць герояў і падзякаваць ім за 75 мірных гадоў зможа кожны. А яшчэ ўнесці свій уклад у рэстаўрацыю і аднаўленне тых месцаў, якія не дазволяць маладому пакаленню забыць цану Вялікай Перамогі. Каля 9 тысяч пахаванняў сёння ўпісаныя ў маршрут па месцах баявой славы.