Вынікі лабараторнай праверкі проб пітной вады ў раёнах Мінска, якія былі закрануты падчас камунальнай аварыі

23 апреля 2021

Пытанне з водазабеспячэннем ў Заводскім, Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах Мінска поўнасцю вырашана. Якасць вады ў норме. Лабараторная праверка проб  паказала, што яе можна выкарыстоўваць  і для піцця. Гэта нам пацвердзілі спецыялісты гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Да сённяшняй раніцы яны рэкамендавалі ўжываць ваду  выключна  ў бытавых і тэхнічных мэтах. Калі ж і на гэты момант застаюцца нараканні на якасць і смак вады,  неабходна звярнуцца ў Мінскводаканал.   

Аварыйна-аднаўленчыя работы на месцы камунальнай аварыі

Нагадаем, з-за камунальнай аварыі, якая здарылася ў сталіцы ў сераду,  на некалькі гадзін без вады заставаліся тры сталічныя раёны. Падачу пасля рамонтных работ  аператыўна аднавілі, але яна не адпавядала нормам. На пашкоджаным участку праведзены тэхнічныя работы, зараз вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. Дакладная прычына аварыі высвятляецца. Сярод  магчымых версій - пашкоджанне трубаправода падчас будаўнічых работ і знос саміх металічных труб.