Раённыя бальніцы вобласці інтэнсіўна павышаюць узровень медабслугоўвання

4 ноября 2015

Прымяненне японскіх тэхналогій, павышэнне кваліфікацыі медперсанала і мадэрнізацыя аддзяленняў. Раённыя бальніцы вобласці інтэнсіўна павышаюць узровень медабслугоўвання. Свае прафесійныя навыкі ўрачы ўдасканальваюць не толькі ў рэспубліканскіх навуковых інстытутах, але і за мяжой - у Расіі, Германіі, Японіі. Дарэчы, у павышэнні якасці абслугоўвання ўдзельнічаюць і жыхары раёнаў. Яны аказваюць спонсарскую дапамогу. Надзея Сербіненка адправілася ў самую аддаленую бальніцу вобласці.

Раённая бальніца ў Салігорску – найбольш аддаленая ад абласнога цэнтра. Тым не менш узровень медабслугоўвання тут – адзін з самых высокіх у рэгіёне. Робяць складаныя аперацыі, абследаванні тут не толькі жыхарам Салігорскага раёна, але і суседніх. Усяго за год у стацыянары праводзяць больш за дзесяць тысяч аперацый. Адно з перадавых аддзяленняў у бальніцы – эндаскапічнае.

Урачы аддзялення з дапамогай сучаснай апаратуры могуць як мага раней выявіць і прадухіліць захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы і брушной поласці.

З дапамогай гэтага прыбора – відэастойкі для гастраскапіі – урач можа выявіць любыя паталогіі страўніка яшчэ на ранняй стадыі. Лічбавая камера здымае відэа высокай якасці і адразу транслюе яго на экран.

Яшчэ адно дасягненне абласной медыцыны знаходзіцца ў Салігорску – японскі прыбор пад назвай ангіёграф. Ён дазваляе ўбачыць працэсы, якія адбываюцца у сасудах і мяккіх тканках. Каб выконваць найскладанейшыя аперацыі на сасудах, салігорскія хірургі праходзяць стажыроўкі ў Расіі і Японіі. Гэта першы выпадак, калі ангіёграф з’явіўся ў бальніцы раённага ўзроўню.

Зараз медыкі вобласці актыўна праводзяць вакцынацыю насельніцтва. Ужо абаранілі сябе ад грыпу 27 % жыхароў цэнтральнага рэгіёна. Многія прадпрыемствы таксама набываюць вакцыны, каб засцерагчы сваіх работнікаў. Бясплатна робяць прышчэпкі і на Беларускаліі. Электраслесар першага рудаўпраўлення Яўген Дзямідовіч ведае ўсе перавагі прэвентыўных метадаў.

Медыкі раяць зрабіць прышчэпку ў найбліжэйшыя дні, пакуль у рэгіёне ўсталявалася даволі спрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя. Усяго плануюць прышчапіць каля 40 % насельніцтва – гэта дапаможа пазбегнуць эпідэміі грыпу. Яе пік чакаюць у лютым.