Раскрыта злачынная схема па перапраўцы вялікагрузаў

11 ноября 2013

Злачынную схему па перапраўцы вялікагрузаў з Еўропы ў Расію раскрылі супрацоўнікі мытні і фінансавай міліцыі ў Пінску. Гаворка ідзе аб ухіленні ад выплаты мытных плацяжоў.

Грамадзянін Расіі ў адной з вёсак Пінскага раёна зарэгістраваў прыватнае прадпрыемства. Але, паводле версіі дзяржкантролю, увесь прыбытак ён планаваў атрымліваць толькі за кошт мытных ільгот. У выніку казна недаатрымала сотні мільёнаў рублёў. Падазроны бізнесмен зараз знаходзіцца ва ўцёках.


Падрабязнасці - у рэпартажы Вікторыі Патоні.

Падтрымаць вёску, малыя і сярэднія гарады, прыцягнуць сюды інвестыцыі і развіваць інфраструктуру… Для гэтага ў 2012 годзе былі распрацаваныя мытныя льготы. Імі і скарыстаўся 36-гадовы расіянін. У раёне зарэгістраваў прыватнае прадпрыемства - для легалізавання і, карыстаючыся прэферэнцыямі, перавёз з Еўропы ў Расію амаль два дзясяткі машын.


Алег Аліхвер, начальнік аператыўна-пошукавага аддзела Брэсцкай мытні: Былі ўстаноўленыя факты нямэтавага выкарыстання ўвезенай тэхнікі. У прыватнасці, на адрас дадзенага суб'екта Брэсцкай вобласці было ўвезена 16 адзінак грузавой тэхнікі. Сярод іх - грузавыя цягачы, паўпрычэпы, будаўнічая тэхніка і іншае абсталяванне. Толькі па адной счэпцы - цягач і паўпрычэп - сума мытных плацяжоў склала больш за 350 млн. беларускіх рублёў.


За ўхіленне ад выплаты мытных плацяжоў узбуджана крымінальная справа. А такі бізнес расцэньваецца як ілжэпрадпрымальніцтва. Зараз на складах часовага захоўвання мытнага паста ў Пінску арыштаваныя пяць машын на суму амаль паўмільярда рублёў.


Менавіта тут, за некалькі кіламетраў ад Пінска, і быў зарэгістраваны юрыдычны адрас фірмы расійскага бізнесмена. Але бачылі яго тут усяго толькі адзін раз, калі заключалі дагавор арэнды, за які, дарэчы, ён так і не заплаціў.


Як высветлілася, прадпрымальнік не толькі не плаціў падаткі. Не вялася фінансавая дзейнасць, ды і сама фірма складалася з аднаго толькі дырэктара.


Валерый Велясніцкі, начальнік Пінскага міжраённага аддзела УСФР КДК Беларусі па Брэсцкай вобласці: Дзяржава недаатрымала мытных пошлін у памеры больш за паўтара мільярда беларускіх рублёў. На сённяшні дзень даказана, што дадзены грамадзянін ажыццявіў дзеянні па рэгістрацыі без намеру здзяйсняць статутную дзейнасць. І машыны, увезеныя пад Дэкрэт № 6, ён вывез на тэрыторыю РФ. Таму на сённяшні дзень праводзяцца мерапрыемствы па ўстанаўленні іх месцазнаходжання, устанаўленні месцазнаходжання самаго падазронага па крымінальнай справе з мэтай пакрыцця прычыненай шкоды дзяржаве.


Куды сышлі седлавыя цягачы, паўпрычэпы, экскаватары, праваахоўнікам трэба будзе высветліць. Як, зрэшты, і высветліць, дзе зараз знаходзіцца падазроны бізнесмен. Матэрыялы справы перададзеныя ў Следчы камітэт. Дарэчы, за фінансавы падман расіяніну можа пагражаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да дзесяці гадоў.