Работнікам верхнядзвінскага сельгаспрадпрыемства частку зарплаты кампенсуюць таварным крэдытам

5 марта 2015

Віртуальныя грошы. Работнікам сельскагаспадарчага прадпрыемства "Асвейскі" частку належнай заработнай платы прапанавалі кампенсаваць таварамі з мясцовага магазіна. Прычым, вэксаль на імя кожнага работніка адкрылі без згоды калектыву. Між тым людзям патрэбны рэальныя грошы, каб распараджацца імі па сваім меркаванні, напрыклад, плаціць крэдыты, а не скупляць крупы.

У праблемнай сітуацыі разбіралася Вольга Маслоўская. У дзень зарплаты грошай не далічыліся ўсе работнікі прадпрыемства. Хутка высветлілася: гэта не збой у банкаўскай праграме - гэта збой у працы прадпрыемства.

"Асвейскі" - прадпрыемства не з дошкі гонару. Вытворчыя паказчыкі ніжэйшыя за сярэднія. Заробкі таксама. Не за гарамі пасяўная. Патрэбны сродкі на паліва, угнаенні, запчасткі. Грошай на выплату ўсёй зарплаты проста няма.

Вырашылі, чым не плаціць зусім, лепш кампенсаваць таварамі з паліц мясцовага раённага спажывецкага таварыства. Праўда, параіцца з работнікамі не паспелі - на прыняцце рашэння заставаліся лічаныя гадзіны апошняга разліковага дня месяца.

Алег Станкевіч, дырэктар КУП СГП "Асвейскі": "Мы зразумелі з адміністрацыяй, што з-за недахопу грашовых сродкаў не зможам закрыць усю зарплату грашыма. Раённае спажывецкае таварыства згадзілася пайсці насустрач нам і выдаць таварны крэдыт. Я лічу, лепш сініца ў руках, чым журавель у небе".

Людзям трэба вырашаць стандартныя праблемы: як разлічыцца за крэдыт, заплаціць за камунальныя паслугі і дзіцячы сад. Там прадуктамі не бяруць. А яшчэ работнікі справядліва дадаюць - чаму яны, якія добрасумленна працавалі месяц, павінны ісці не ў любімы магазін, а ў той, дзе адкрыты вэксаль?

Аднавіць справядлівасць вырашылі на агульным сходзе. Аказваецца, прадукцыя замест грошай цалкам законны варыянт. Гэта пацвярджае і Працоўны кодэкс, і асобнае палажэнне ў калектыўным дагаворы. А значыць, у сілу ўступае прынцып згоды. Па змаўчанні.

Калектыву растлумачылі, што віртуальнымі грашыма - насуперак усеагульнай памылцы - можна скарыстацца не ў адным, а ў цэлай сетцы магазінаў, у тым ліку і ў прамтаварных. А яшчэ любую прадукцыю беларускай вытворчасці - боты або халадзільнік - мясцовае раённае спжывецкае таварыства можа прывезці пад заказ і ў растэрміноўку. Аграрыі растлумачэнні выслухалі, але па халадзільнікі не паспяшаліся.

Усё ж пытанне абавязковых штомесячных плацяжоў застаецца адкрытым.