Мінулая зіма ў Беларусі стала адной з самых цёплых за ўсю гісторыю метэаназіранняў

18 марта 2024

Зіма сёлета ў Беларусі стала адной з самых цёплых за ўвесь перыяд метэаназіранняў. Так, напрыклад, у лютым зафіксавалі максімальныя плюс 16. Зрэшты, нетыповыя з'явы сіноптыкі назіралі на многіх станцыях. Падрабязнасці ў Алены Вітко.

Сонечная і рэкордна цёплая зіма

112 сонечных гадзін альбо 37 ясных дзён: столькі "зімовых пробліскаў" было ў Мінску. А ў асобных раёнах вітамін Д беларусы атрымлівалі два месяцы! Запомніўся марозны сезон і тэмпературамі: зіма 23-24 стала адной з самых цёплых за апошнія 150 гадоў.

Максімальны плюс быў 27 лютага: слупкі тэрмометраў паказалі вышэй за 16 градусаў цяпла. Сярод зімовых тытулаў і званне "самага вільготнага", а гэта ў паўтара раза больш ападкаў.

Так выглядае метэаралагічная пляцоўка: тут праводзяць адразу пяць відаў назіранняў. Інфармацыю збіраюць аўтаматычна: восем разоў на суткі, кожныя тры гадзіны. Дзякуючы гэтаму прыбору, напрыклад, вымяраюць хуткасць і напрамак ветру. А гэта ўжо "воблакамер". Вышыню фіксуюць з дапамогай лазерных прамянёў.

Метэастанцыя "Мінск" - самая інавацыйная ў нашай краіне. З унікальнага, напрыклад, аэралагічныя назіранні (альбо зандаванне атмасферы на вышыні да 30 кіламетраў). Комплекс адкрылі ў 2018 годзе.

Вымярэнні як рэзерв. Аператыўныя даныя зараз збіраюць у анлайн-рэжыме. Надвор'е "нараджаецца" ў гэтай апаратнай: спецыялісты яе называюць сэрцам метэацэнтра.

Зводку надвор'я рэгулярна адпраўляюць у міжнародны метэаабмен, а яшчэ вядуць маніторынг з прыстаўкай "агра".

Кароткі экскурс ад начальніка станцыі ў Самахвалавічах, знаёмства з новым абсталяваннем, а пасля - палявы рэйд. Прафесійны шлях Дзмітрый Радкевіч пачынаў у Інстытуце пладаводства, а пасля захапіўся з'явамі надвор'я. Так, уплыў стыхій на сельскую гаспадарку даследуе амаль 20 гадоў.

Назіралі за культурамі і адбіралі маналіты, вывучалі тэмпературу глебы і фіксавалі вышыню снежнага покрыва. Так, сезон быў кантрасным і надзвычай цёплым, але расліны перазімавалі добра. Цяпер жа ўраджай залежыць ад вясенніх прагнозаў.