Праграма развіцця Нарачанскага краю будзе цалкам выкананая да канца года

24 июля 2015

Дзяржаўная праграма развіцця Нарачанскага краю будзе цалкам выкананая да канца года. Аб гэтым сёння паведаміў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы падчас выяздной нарады. За 4 гады азёрны край ператварыўся ў жамчужыну Мінскай вобласці, аправай для якой сталі новыя турыстычныя комплексы і маршруты. Увагу надалі і сацыяльнай сферы. Першага верасня адкрыюць новую паліклініку у пасёлку Свір і пачнуць будаўніцтва новай школы ў пасёлку Нарач. Аляксандр Харавец прадоўжыць тэму.

Гістарычны антураж з сучасным камфортам. Звонку – прыгожыя фасады ў стылістыцы 19-га стагоддзя. А знутры - лазня, печ, склеп і размаляваны інтэр’ер. Этнакультурны комплекс каля вёскі Наносы -  новае слова ў беларускай турыстычнай індустрыі. Аб’ект на беразе Нарачы пабудавалі хутка. Акунуцца ў атмасферу 19 стагоддзя сёлета паспелі звыш 5 тысяч наведвальнікаў. Стаўку зрабілі на гастранамічны турызм. Усе стравы з экалагічна чыстых прадуктаў, якія гатуюць па старадаўніх рэцэптах.

І пакуль адны турысты атрымліваюць асалоду ад краявідаў возера – другія адпачынак сумяшчаюць з трэніроўкамі. Водную роўнядзь Нарачы рассякаюць юныя спартсмены на сваіх яхтах. Двойчы на дзень яны спрабуюць злавіць спадарожны вецер і развіць максімальную хуткасць.

Акрамя турыстычнай, у раёне развіваюць і сацыяльную сферу. Так 1 верасня ў пасёлку Свір адкрыецца новая паліклініка. Сучаснае абсталяванне дазволіць мясцовым жыхарам забыць пра далёкія паездкі ў Мядзел і атрымліваць якасную медыцынскую дапамогу літаральна каля дома.

Так што сёння ў Нарачанскім краі можна не толькі выдатна адпачываць, але жыць, працаваць і пры гэтым нядрэнна зарабіць. Адкрыццё новых турыстычных і санаторна-курортных комплексаў – гэта як новыя рабочыя месцы, так і паслугі. За выдатны адпачынак турысты заўсёды гатовы плаціць.