Працягваецца візіт у Беларусь шматлікай групы журналістаў з Кітая

4 мая 2017

Праграма прэс-тура вельмі насычаная. Рэпарцёры з Паднябеснай ужо наведалі некалькі прамысловых кампаній, індустрыяльны парк "Вялікі камень" і Парк высокіх тэхналогій. Азнаёміліся карэспандэнты з КНР і з айчыннай сельскай гаспадаркай, а таксама пакаштавалі нашай нацыянальнай кухні.

Сёння - самы адказны дзень. З кітайскімі журналістамі пагутарыць Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Падрабязнасці ў Аляксея Адашкіна.

Кітайскія журналісты - нярэдкія госці ў Беларусі. У нашай краіне нават працуюць асобныя карпункты найбуйнейшых сродкаў масавай інфармацыі Паднябеснай. Аднак такую шматлікую групу рэпарцёраў з усходу Еўразіі наша рэспубліка прымае ўпершыню ў беларуска-кітайскай гісторыі.

Прамым рэйсам з Пекіна ў Мінск прыляцелі чатыры дзясяткі журналістаў. Яны прадстаўляюць усе галоўныя СМІ Паднябеснай, у тым ліку Цэнтральнае тэлебачанне Кітая, чыя аўдыторыя ўпэўнена перавышае адзін мільярд чалавек. У складзе групы не толькі сталічныя рэпарцёры, але і карэспандэнты з дзесяці правінцый Паднябеснай. Апроч тэлевізіёншчыкаў, у Беларусь дэлегавалі сваіх лепшых аўтараў газеты, часопісы і радыёстанцыі КНР. Запасам працавітасці кітайскія журналісты ўпэўнена пераўзыходзяць акул пяра з любой краіны свету. Графік прэс-тура па Беларусі распісаны літаральна па гадзінах. У праграме - заводы, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, ІТ-кампаніі, індустрыяльны парк, музей, тэатр, выстава сродкаў масавай інфармацыі і шматлікае іншае. Амаль у кожным з гэтых пунктаў - паспяховыя прыклады беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.

Найважнейшая сустрэча пройдзе сёння ў Палацы Незалежнасці. Рэпарцёры змогуць атрымаць адказы на ўсе свае пытанні, як гаворыцца, з першых вуснаў. Ужо ў гэтым месяцы адбудзецца дзясяты візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай. Таму ў гэтыя дні ў Паднябеснай цікавасць да нашай краіны павышаная.

Е Чунь, карэспандэнт спадарожнікавага тэлебачання Шэньчжэня: "Мы чакаем сустрэчы з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, каб пагаварыць пра супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Беларускі лідар хутка наведае Кітай, і ў нас дбайна рыхтуюцца да гэтага візіту".

Летась Беларусь і Кітай перайшлі на новы ўзровень узаемадзеяння. Зараз нашы краіны злучаюць адносіны давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Такім чынам, Мінск увайшоў у чацвёрку найбліжэйшых партнёраў Пекіна. Гэта азначае ўзяцце новых вяршыняў як у палітыцы, так і ў эканоміцы.

Ужо сёння ў Беларусі рэалізуецца тры дзясяткі інвестыцыйных праектаў, на якія кітайскі бок накіраваў каля шасці мільярдаў долараў. І колькасць такіх пунктаў судакранання будзе толькі расці.

Беларусь, мабыць, ні з адной дзяржавай свету не прасоўваецца ў адносінах так хутка, як з Кітаем. Адлегласць паміж Мінскам і Пекінам перавышае шэсць тысяч кіламетраў. Аднак зблізіць краіны дапамагаюць сумесныя праекты - асабліва тыя, якія звязаныя з пабудовай "Новага Шаўковага шляху". Можна чакаць, што наш удзел у гэтай маштабнай ініцыятыве стане адным з галоўных пытанняў сённяшняй гутаркі Прэзідэнта з кітайскімі журналістамі.