Прэзідэнт наведаў раённую бальніцу ў Стоўбцах

8 декабря 2020
Пра дапамогу пацыентам з каранавірусам у рэгіёнах ішла размова сёння ў Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Яе наведаў кіраўнік дзяржавы. Гэты візіт - частка вялікага прэзідэнцкага маніторынгу медустаноў у сувязі з кавідам.

Сітуацыя, як і ўсюды ў свеце, складаная, але, як чарговы раз на месцы ўпэўніўся лідар, у нас - абсалютна кантраляваная

На прыкладзе клінікі ў Стоўбцах глядзелі, як аказваюць дапамогу ў раёнах. З красавіка ў бальніцы арганізавана работа інфекцыйнага шпіталя. У наяўнасці тут больш за сотню кропак падводу кіслароду і 10 апаратаў ШВЛ. Стандарты лячэння хворых на каранавірус у раённых бальніцах нічым не адрозніваюцца ад сталічных. Пры неабходнасці - цяжкія пацыенты пераводзяцца ў клінікі больш высокага ўзроўню. Зараз, паводле слоў міністра, у раённай установе знаходзіцца значна больш хворых на каранавірус, чым пры першай хвалі. Аднак усё роўна тут задзейнічаны далёка не ўсе рэсурсы, аказваецца планавая дапамога. Паводле слоў галоўнага ўрача Стаўбцоўскай бальніцы, за апошнія некалькі дзён сутачнае захворванне каранавірусам знізілася.

У Стоўбцах кіраўнік дзяржавы нагадаў, што асаблівая ўвага зараз будзе надавацца развіццю менавіта міжраённых бальніц

Такіх у Мінскай вобласці чатыры: у Барысаве, Маладзечне, Салігорску і Слуцку. Іх трэба падцягваць. А ўсе раённыя бальніцы ў найбліжэйшы час даабсталююць і давядуць да розуму. Аляксандр Лукашэнка агледзеў аддзяленні клінікі, зайшоў у рэанімацыю, дзе выходжваюць складаных пацыентаў.

А. Лукашэнка медыкам у Стоўбцах: Вы аказаліся палітычна моцнымі людзьмі

У размове з медыкамі прэзідэнт пазітыўна ацаніў працу мясцовых урачоў, якія, нягледзячы на спробы некаторых журналістаў вясной раскалыхаць сітуацыю ў Стоўбцах на глебе каранавіруса, працягвалі спакойна працаваць і тады, і зараз, аказваючы пацыентам усю неабходную дапамогу. Закранулі і немедыцынскія тэмы. Адно з пытанняў было навеяна сітуацыяй ў спартыўнай сферы і абуральна неканструктыўнай пазіцыяй Міжнароднага алімпійскага камітэта.

Прапанова прэзідэнта: Зрабіць Усебеларускі народны сход канстытуцыйным органам

Гаворачы аб Усебеларускім сходзе, а ў зносінах з медыкамі закранулі і гэту тэму, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў зрабіць яго канстытуцыйным органам, які б кантраляваў галоўныя кірункі нашага развіцця. Дарэчы, парадак форуму будзе канчаткова сфарміраваны пасля калядных святаў. Само мерапрыемства пройдзе ў канцы студзеня - пачатку лютага. Гэта толькі частка таго, што прагучала ў Стоўбцах. Усе падрабязнасці - у наступных выпусках і "Панараме".