Адкрыццё моста ў Гродне пераносіцца

17 июля 2021

Свята ў Гродне прыйшлося перанесці з-за стыхіі, што абрынулася на горад. Аб наступствах непагадзі губернатар адразу ж далажыў Прэзідэнту. Рашэнне кіраўніка дзяржавы было адназначным:  галоўнае - бяспека людзей. Да чарговай гадавіны вызвалення Гродна планавалася адкрыць аўтамабільны мост "Усходні" цераз Нёман і аб'язную дарогу. Гэта чаканая і важная падзея для абласнога цэнтра. Планавалася вялікае і запамінальнае шоу, але надвор'е, на жаль, падвяло. Сёння ў Гродне за 20 хвілін выпалі амаль дзве дэкадныя нормы ападкаў. Пацярпелі адхоны, заліло канцэртнае абсталяванне.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі галоўнае - бяспека людзей.

"Прэзідэнт адзначыў, што калі ёсць сумненне ў бяспецы прысутных (а мы пацвердзілі, што такія сумненні ёсць), то свята неабходна адмяняць. Мы яго робім, каб людзі атрымалі задавальненне, а не каб стварыць прыгожую карцінку", - падкрэсліў Уладзімір Каранік.

У. Каранік: Ліквідацыя пашкоджанняў зойме каля двух тыдняў 

Пашкоджанні ліквідуюць за тыдзень. Яшчэ столькі ж часу спатрэбіцца для дадатковых праектных рашэнняў па адвядзенні вады. Гэты мост адзін з самых высокіх у краіне. Яго мадэрнізацыя стала часткай рашэнняў па развіцці абласнога цэнтра і ліквідацыі перманентных транспартных калапсаў. Калі рух адкрыецца, то патокі – гарадскія і транзітныя – будуць пераразмеркаваныя.  Спецыялісты змогуць заняцца абнаўленнем іншых пуцеправодаў у Гродне. Урачыстае адкрыццё моста абавязкова адбудзецца, толькі пазней. Прэзідэнт паабяцаў прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве.

Стыхія накрыла Гродна 

Сапраўдны трапічны лівень абрынуўся сёння на Гродна. Стыхія закранула не толькі абласны цэнтр, але і іншыя раёны ў рэгіёне. Ёсць падтапленні падвалаў і дамоў. Ратавальнікам паведамляюць аб паваленых дрэвах. Дапамогу аказваюць своечасова. Паралельна ідзе абследаванне дарог і маставых збудаванняў. На шчасце, абышлося без пацярпелых.